Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэра руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча аштрафавалі за акцыю 1 траўня


Юрась Губарэвіч, архіўнае фота

Судзьдзя Першамайскага раённага суду Менску Іна Сідарок аштрафавала Юрася Губарэвіча на 40 базавых велічынь за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу на Кастрычніцкай плошчы, які адбыўся 1 траўня.

Віну Юрася Губарэвіча даказвалі два сьведкі-амапаўцы, якія сьцьвярджалі, што на плошчы ён выкрыкваў лёзунгі «Жыве Беларусь!» і «Баста!», а потым узяў удзел у шэсьці па праспэкце Незалежнасьці. Што ён быў на плошчы, палітык не адмаўляў, але ўдзел у шэсьці па ходніках да плошчы Незалежнасьці аспрэчыў.

Юрась Губарэвіч заявіў суду, што ў яго ёсьць сьведка, Алесь Кіркевіч, які можа пацьвердзіць, што ён пайшоў з Кастрычніцкай плошчы ў пачатку несанкцыянаванага мітынгу; таксама гэта можна праверыць празь відэа і раздрукоўкі з мабільнага тэлефону.

Каб мець магчымасьць выслухаць сьведку Кіркевіча, суд спэцыялна адклаў пасяджэньне на 19 траўня.

«Але словы майго сьведкі суд не прыняў да ўвагі і відэа нібыта не знайшлі. Ім хапіла сьведак-міліцыянтаў. Пастанова аб штрафе — прагназаваны вынік», — сказаў пасьля суду Юрась Губарэвіч. У працэсе палітык тлумачыў судзьдзі Сідарок, чаму зьявіўся 1 траўня на несанкцыянаваны мітынг: бо ў Беларусі няма сумленных выбараў і бараніць сябе ды заявіць пра сваю пазыцыю грамадзяне могуць толькі праз масавыя акцыі пратэсту.

18 траўня тая ж судзьдзя Іна Сідарок аштрафавала за мітынг 1 траўня на 40 базавых велічынь грамадзкага актывіста, былога таксіста, а цяпер беспрацоўнага Леаніда Кулакова.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG