Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Трамп адпраўляецца ў пятніцу ў першае міжнароднае турнэ


Дональд Трамп

У пятніцу Дональд Трамп адпраўляецца ў сваю першую замежную паездку ў якасьці прэзыдэнта ЗША.

Усе прэзыдэнты з часоў Рональда Рэйгана выбіралі Мэксыку ці Канаду для сваіх першых замежных турнэ. Дональд Трамп парваў з традыцыяй, і першай краінай, якую ён наведае, будзе Саудаўская Арабія. Адносіны паміж Вашынгтонам і Эр-Рыядам былі нацягнутымі ў гады кіраваньня Абамы, і Трамп спадзяецца іх палепшыць, у прыватнасьці, панізіўшы прыярытэтнасьць пытаньняў правоў чалавека ў двухбаковых адносінах і засяродзіўшыся на барацьбе з тэрарызмам і супрацьдзеяньні экспансіянізму Ірану.

З Саудаўскай Арабіі амэрыканскі прэзыдэнт накіруецца ў Ізраіль. Плянаваўся ягоны выступ на месцы старажытнай крэпасьці Масада, але гэта мерапрыемства было адмененае, паколькі ізраільскія ўлады не дазваляюць там пасадку верталётаў, а карыстацца фунікулёрам Трамп адмовіўся. У Трампа таксама заплянавана сустрэча з прэзыдэнтам Палестынскай аўтаноміі Махмудам Абасам.

Наступны прыпынак Трампа — Ватыкан, дзе яму дасьць аўдыенцыю Папа Францішак. Падчас леташняй прэзыдэнцкай кампаніі ў ЗША пантыфік, не называючы імёнаў, заявіў, што «тыя, хто ўзводзяць сьцены, якія перашкаджаюць свабоднаму перамяшчэньню людзей, ня могуць быць хрысьціянамі». Трамп адказаў, што рэлігійнаму чалавеку «не прыстала» ставіць пад сумнеў веру бліжняга.

З Рыма прэзыдэнт вылеціць у Брусэль на неафіцыйную сустрэчу з кіраўнікамі краінаў NATO і ў завяршэньне паездкі вернецца ў Італію, дзе прыме ўдзел у саміце «Вялікай сямёркі», якая пройдзе на Сыцыліі.

XS
SM
MD
LG