Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роварны тур зь Берасьця ў Полацак: 500 км да 500-годзьдзя Бібліі Скарыны


Сямёра кобрынцаў едуць на раварах зь Берасьця ў Полацак, каб прыгадаць пра выданьне Францішкам Скарынам 500 гадоў таму Бібліі па-беларуску.

Ініцыятар роварнага туру — кобрынец Георгій Дзьмітрук. Ён распавёў Свабодзе, што пастаянна ў туры едзе сем чалавек. Але цягам дня, на розных этапах, далучаюцца і іншыя ахвотныя. Сваё падарожжа велааматары пачалі 12 траўня.

Свабода датэлефанавалася да ўдзельнікаў туру ў трасе паміж Наваградкам і Лідай.

«Мы хочам нагадаць беларусам, найперш моладзі, што сёлета спаўняецца 500 гадоў беларускаму перакладу Бібліі Скарынам. Біблія і сёньня грае стваральную ролю ў нашым грамадзтве. Яна аб’ядноўвае многія канфэсіі ў нашай краіне. Гэта стымул для духоўнага росту чалавека» — кажа Дзьмітрук.

Маршрут роварнага туру пралягае праз тыя населеныя пункты, дзе ў ягоных удзельнікаў ёсьць сябры і знаёмыя. Там яны выступаюць у мясцовых цэрквах, і распавядаюць пра 500-годзьдзе беларускага кнігадрукаваньня.

Штодзённа раварысты праяжджаюць да 80 кілямэтраў.

«Мне хутка 50 гадоў, — кажа Дзьмітрук, — і два месяцы таму я пачаў рыхтавацца, каб праехаць гэтую трасу зь Берасьця да Полацку. За два месяцы я здабыў такую форму, што 30% дыстанцыі я еду самастойна. Часам мяняюся, еду ў суправаджэньні».

Удзельнікі туру зьвярнуліся да мясцовых уладаў тых населеных пунктаў, празь якія праходзіць іх маршрут, па дазвол правесьці сустрэчы з жыхарамі ў грамадзкіх месцах. У Берасьці ім адмовілі. Адказу зь іншых мясцовасьцяў раварысты яшчэ не атрымалі.

«Тым ня менш ніхто ня можа забараніць нам ехаць на ровары. Мы едзем згодна з правіламі дарожнага руху. Гэта нашае права і, спадзяюся, перашкодаў ня будзе. Думаю, што ў Беларусі ня ўсё так дрэнна, каб раварысты не маглі праехаць па сваёй краіне» — гаворыць Дзьмітрук.

За ўвесь тур, які працягецца 10 дзён, яго ўдзельнікі плянуюць праехаць амаль 600 кілямэтраў. У родны горад беларускага першадрукара яны плянуюць прыехаць 21 траўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG