Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля падзеньня камунізму Ўсходняя Эўропа перажывае рэлігійны ўздым — дасьледаваньне


Новая царква ў мястэчку Круглае Магілёўскай вобласьці

Рэлігія аднавіла сябе як важная частка індывідуальнай і нацыянальнай ідэнтычнасьці ў многіх краінах Усходняй Эўропы, дзе камуністычныя рэжымы калісьці прыгняталі рэлігійнае жыцьцё і прапагандавалі атэізм.

Чвэрць стагодзьдзя пасьля падзеньня «жалезнай заслоны» і распаду Савецкага Саюзу рэлігія аднавіла сябе як важная частка індывідуальнай і нацыянальнай ідэнтычнасьці ў многіх краінах Усходняй Эўропы, дзе камуністычныя рэжымы калісьці прыгняталі рэлігійнае жыцьцё і прапагандавалі атэізм.

Гэтак вынікае з найноўшага дасьледаваньня рэлігійнай і нацыянальнай ідэнтычнасьці жыхароў 17 краінаў з тэрыторыі, якая да 1989 году была пад камуністычным кіраўніцтвам (Армэнія, Баўгарыя, Босьнія і Герцэгавіна, Вугоршчына, Беларусь, Грузія, Латвія, Літва, Малдова, Польшча, Расея, Румынія, Сэрбія, Украіна, Харватыя, Чэхія, Эстонія). Апытаньне не ўключыла Славаччыны, але дадаткова абняло 18 краіну — Грэцыю, якая была па-за «жалезнай заслонай». Дасьледаваньне праводзілася амэрыканскай сацыялягічнай службай Pew Research Center ад чэрвеня 2015 да ліпеня 2016 сярод 25 тысяч дарослага насельніцтва са згаданых краінаў.

Большасьць верыць у Бога

На пытаньне «Ці верыце вы ў Бога?» сьцьвярджальна адказала большасьць рэспандэнтаў ва ўсіх дасьледаваных краінах за выняткам Эстоніі і Чэхіі:

Грузія (99%), Армэнія (95%), Малдова (95%), Румынія (95%), Босьнія і Герцагавіна (94%), Грэцыя (92%), Сэрбія (87%), Харватыя (86%), Польшча (86%), Украіна (86%), Беларусь (84%), Баўгарыя (77%), Літва (76%), Расея (75%), Расея (75%), Латвія (71%), Вугоршчына (59%), Эстонія (44%), Чэхія (29%).

Уздым праваслаўя на постсавецкай прасторы

Дасьледаваньне адзначае факт, што ў пасьлякамуністычны пэрыяд наступіў значны рост людзей, якія залічваюць сябе да праваслаўных. Паколькі ў краінах з камуністычнымі рэжымамі верагоднае дасьледаваньне рэлігійнасьці не было магчымым, дасьледнікі Pew Research Center абапіраюць гэтую выснову на параўнаньне цяперашняга апытаньня з падобным па мэтадалёгіі апытаньнем, праведзеным у 1991 годзе ў трох «традыцыйна праваслаўных» краінах: Расеі (37% у 1991 і 71% у 2015), Баўгарыі (59% і 75%) і Ўкраіне (39% і 78%).

Дасьледнікі таксама адзначаюць, што значна больш рэспандэнтаў з былых савецкіх рэспубліках падтрымала сьцьвярджэньне «мая краіна сёньня вельмі рэлігійная/досыць рэлігійная», чым «мая краіна была вельмі рэлігійная/досыць рэлігійная ў 1970-х і 1980-х». Для «традыцыйна праваслаўных» постсавецкіх краінаў гэтыя ацэнкі рэлігійнасьці цяпер і ў камуністычны час разьмеркаваліся наступным чынам:

Грузія: 87% (2015) — 25% (1970-я і 1980-я)
Украіна: 59% — 15%
Расея: 55% — 15%.
Беларусь: 57% — 29%.
Сэрбія: 69% — 46%.

Праваслаўе як складнік нацыянальнай ідэнтычнасьці

Праваслаўе як «вельмі важны» або «досыць важны» складнік сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці ў «традыцыйна праваслаўных» краінах бачыцца рэспандэнтамі наступным чынам:

Армэнія (82%), Грузія (81%), Сэрбія (78%), Грэцыя (76%), Румынія (74%), Баўгарыя (67%), Малдова (63%), Расея (57%), Украіна (51%), Беларусь (45%).

Каталіцызм як складнік нацыянальнай ідэнтычнасьці

Каталіцызм як «вельмі важны» або «досыць важны» складнік сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці ў краінах з каталіцкай большасьцю бачыцца рэспандэнтамі наступным чынам:

Польшча (64%), Харватыя (58%), Літва (56%), Вугоршчына (43%).

Расея як супрацьвага Захаду

Цікавым вынікам апытаньня зьяўляюцца лічбы падтрымкі для сьцьвярджэньня «моцная Расея патрэбная як супрацьвага Захаду»:

Беларусь (76%), Грэцыя (70%), Малдова (61%), Грузія (52%), Украіна (22%), Харватыя (50%), Вугоршчына (44%), Польшча (34%), Чэхія (49%).

Рэлігійны склад Беларусі, Расеі і Ўкраіны

Паводле дасьледаваньня Pew Research Center, рэлігійны склад гэтых трох краінаў выглядае наступным чынам:

Беларусь (праваслаўныя — 73%; католікі — 12%; без веравызнаньня — 3%; іншыя — 11%);

Расея (праваслаўныя — 71%; мусульмане — 10%; без веравызнаньня — 15%; іншыя — 4%);

Украіна (праваслаўныя — 78%; католікі — 10%; без веравызнаньня — 7%; іншыя — 5%).

XS
SM
MD
LG