Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб зьмешаная сыстэма запрацавала, з Канстытуцыі трэба выдаліць адзін параграф, — Калякін пра выбарчую рэформу


Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

Прапановы Калякіна аб новай сыстэме выбараў абедзьве палаты Нацыянальнага сходу «скарыстаюць у сваёй працы».

Пра гэта сьведчаць адказы, якія кіраўнік партыі «Справядлівы сьвет» атрымаў з Палаты прадстаўнікоў і з Савету Рэспублікі. Паводле лістоў з Нацыянальнага сходу, партыйныя прапановы перайсьці ў Беларусі на зьмешаную сыстэму выбараў дэпутатаў «выклікаюць цікавасьць і будуць скарыстаныя».

«Ад імя партыі я выслаў на адрас заканадаўцаў канцэптуальную сыстэму зьменаў выбарчай сыстэмы, — сказаў Свабодзе Сяргей Калякін. — Сёньня амаль увесь сьвет выбірае парлямэнт альбо паводле партыйных сьпісаў, альбо паводле так званай зьмешанай сыстэмы, калі частку дэпутацкага корпусу вызначаюць праз партыйныя сьпісы, а частку — у аднамандатных акругах. Мы ж застаёмся адной зь нешматлікіх краінаў, дзе па-ранейшаму дэпутатаў выбіраюць у аднамандатных акругах. Гэтыя застарэлыя правілы трэба нарэшце памяняць. Можна, вядома, дыскутаваць аб прапорцыі аднамандатных і партыйных дэпутатаў, але тое, што болей адкладаць гэтую праблему нельга, адназначна».

Паводле палітыка, ён кансультаваўся наконт гэтага пытаньня са старшынёй Цэнтарвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай. Яна патлумачыла, што па-першае, каб зьмешаная сыстэма пачала працаваць, з Канстытуцыі трэба выдаліць адзін параграф — аб адкліканьні дэпутатаў сваімі выбарнікамі. Аднак за ўвесь час гэтай нормай яшчэ ніхто не скарыстаўся. Па-другое, каб ад яе пазбавіцца, ня трэба нават праводзіць рэфэрэндум — такое рашэньне можа прыняць Нацыянальны сход.

Сяргей Калякін удакладніў, што зварот з гэтай жа канцэпцыяй накіраваў і на адрас Аляксандра Лукашэнкі. Праўда, зь ягонай адміністрацыі адказу пакуль няма.

Лідэр «Справядлівага сьвету» таксама сказаў, што партыя ўжо пачала падрыхтоўку да мясцовых выбараў:

«Мы лічым гэтую кампанію вельмі важнай і бачым некалькі мэтаў — выбраць нашых актывістаў дэпутатамі, данесьці насельніцтву нашыя галоўныя ідэі і павялічыць колькасьць партыйцаў», — адзначыў Сяргей Калякін.

Мясцовыя выбары павінны адбыцца не пазьней за 20 лютага 2018 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG