Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка правядзе Алімпійскі сход, перавыбараў прэзыдэнта ня будзе


Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі з Дар'яй Домрачавай і іншымі алімпійскімі чэмпіёнамі, 2014 год

Выканкам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі (НАК) прапанаваў Аляксандру Лукашэнку, які сумяшчае пасады прэзыдэнта краіны і прэзыдэнта НАК, склікаць 30 траўня Алімпійскі сход.

Паведамляецца, што мяркуецца разгледзець прапановы ад спартовых фэдэрацый наконт кандыдатаў на атрыманьне стыпэндый Алімпійскай салідарнасьці Міжнароднага алімпійскага камітэту да гульняў у Токіё-2020.

Таксама неабходна ўхваліць рашэньне аб удзеле НАК Беларусі ў якасьці аднаго з заснавальнікаў фонду «Дырэкцыя II Эўрапейскіх гульняў 2019 году», якія пройдуць у Менску.

Апроч таго, Лукашэнка мусіць ухваліць некаторыя кадравыя рашэньні. У канцы красавіка крэсла першага віцэ-прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту пакінуў Максім Рыжанкоў. Фармальная прычына — каб засяродзіцца на працы першага намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта.

Вакантнае месца заняў цяперашні дырэктар Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі «Раўбічы» Андрэй Асташэвіч, вядомы яшчэ як форвард хакейнай каманды вэтэранаў, у якой Лукашэнка нязьменным капітанам.

На перакананьне экспэртаў, кадравыя зьмены прысьпешыла крытыка ў адрас спартовых чыноўнікаў і функцыянэраў, якая за апошні час неаднаразова гучала з боку Лукашэнкі. У прыватнасьці, ён назваў «агіднай» працу ў спорце высокіх дасягненьняў, паабяцаўшы кардынальна рэфармаваць профільныя фэдэрацыі і Нацыянальны алімпійскі камітэт, а таксама прыстрашыў, што пакарае вінаватых за дрэнную падрыхтоўку ў дзіцяча-юнацкіх школах.

Другой асобай у НАК Максім Рыжанкоў быў цягам трох гадоў, ён прыняў галоўны ўдар за правальны выступ беларускіх атлетаў на леташняй Алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра. Менавіта пасьля гэтага пачалі хадзіць чуткі, што ягоны сыход з пасады першага намесьніка кіраўніка НАК — пытаньне часу. Рыжанкоў яшчэ застаецца старшынём Беларускай фэдэрацыі баскетболу.

Перавыбараў прэзыдэнта НАК на гэтым сходзе ня будзе, паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі на гэтай пасадзе сканчаюцца ў 2018 годзе.

XS
SM
MD
LG