Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя мае прэтэнзіі да актывіста за здымкі бела-чырвона-белага сьцяга ў «Фэйсбуку»


Гарадзенскі актывіст Сяргей Верамеенка апублікаваў у «Фэйсбуку» два здымкі на знак салідарнасьці з Васілём Паляковым, які адбываў 15 сутак арышту за бела-чырвона-белы сьцяг. За гэта Верамеенку выклікаюць у міліцыю.

Паводле Сяргея Верамеенкі, два міліцыянты прыйшлі да яго дадому амаль а дзясятай вечара з тым, каб спытаць яго пра апублікаваныя ў «Фэйсбуку» здымкі, дзе ён і ягоная жонка стаяць з нацыянальным сьцягам, а над імі надпіс: «У Гародні такія самыя, як Васіль». Другі здымак падпісаны «Такі самы, як Васіль!!!»

— Я адказаў міліцыянтам, што размаўляць зь імі ні пра што ня буду. Тады яны кінулі ў паштовую скрыню позву, каб я раніцай 17-га траўня зьявіўся ў пастарунак для правядзеньня апытаньня. Мяне гэта вельмі зьдзівіла — няўжо я нешта парушыў, апублікаваўшы свае здымкі ў «Фэйсбуку»?

Верамеенка сказаў Свабодзе, што найперш зьбіраецца раніцай патэлефанаваць у пастарунак, каб высьветліць, чаго насамрэч ад яго хочуць у міліцыі.

Васіль Палякоў — намесьнік старшыні гомельскай арганізацыі АГП. Ён быў затрыманы 1 траўня за бела-чырвона-белы сьцяг, узьняты падчас мітынгу, які быў дазволены гарвыканкамам, і асуджаны на 15 сутак. Увесь гэты час 48-гадовы палітык трымаў галадоўку.

Гарадзенец Сяргей Верамеенка на знак салідарнасьці зь ім зрабіў здымкі з бела-чырвона-белым сьцягам і апублікаваў іх у інтэрнэце.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG