Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальнік Лоеўскай міліцыі начыста прайграў суд журналісту-фрылянсэру


Кастусь Жукоўскі

Калегія па грамадзянскіх справах Гомельскага абласнога суду 16 траўня адхіліла касацыйную скаргу начальніка Лоеўскага РАУСу, падпалкоўніка міліцыі Ўладзімера Бухаўцова.

Скарга датычыла рашэньня суду Цэнтральнага раёну Гомеля да журналіста-фрылянсэра Кастуся Жукоўскага на абарону гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. Пра гэта паведаміў прадстаўнік фрылянсэра ў судзе, юрыст Леанід Судаленка, які па даверанасьці Беларускай асацыяцыі журналістаў прадстаўляў ягоныя інтарэсы ў судзе.

Прад’явіўшы Жукоўскаму і тэлеканалу «Белсат» пазоў за відэасюжэты «Міліцыянты бʼюць журналістаў, каб прыхаваць вынікі эканамічнага заняпаду» і «Будзённае жыцьцё рэгіёну Лоеў», Уладзімер Бухаўцоў ня змог канкрэтна сфармуляваць, якія выразы ці словы прынізілі яго гонар і годнасьць.

У пазове Бухаўцоў, у прыватнасьці, спасылаўся на выраблены Жукоўскім відэаматэрыял, у якім паказаныя кадры з удзелам Уладзімера Бухаўцова і меўся надпіс з пытальнікам: «МУС — гестапа»? Пры гэтым жыхары Лоеву распавядалі пра беззаконьне, якое ўчынялі мясцовыя міліцыянты ў дачыненьні да іх саміх ды іхніх знаёмых.

З гвалтам затрымлівалі ў Лоеве міліцыянты і самога фрылянсэра Жукоўскага, які з напарнікам праз відэаздымкі імкнуся адлюстраваць эканамічную сытуацыю ў райцэнтры.

Судзьдзя Ірына Званко, якая разглядала пазоў начальніка лоеўскай міліцыі Бухаўцова, прадастаўляла яму час на ўдакладненьне сваіх патрабаваньняў, аднак ён настойліва заяўляў, што рэчаіснасьці не адпавядаюць відэасюжэты Жукоўскага «ў цэлым».

Пасьля чатырох паседжаньняў судзьдзя цалкам адмовіла падпалкоўніку міліцыі Бухаўцову ў пазове да фрылянсэра Жукоўскага, параіўшы яму зьвярнуцца з прэтэнзіямі да польскага нацыянальнага тэлебачаньня, у склад якога ўваходзіць спадарожнікавы тэлеканал «Белсат».

Калегія Гомельскага абласнога суду не знайшла падставаў адмяняць рашэньне суду Цэнтральнага раёну Гомеля, і ад сёньня гэтае рашэньне набыло юрыдычную моц.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG