50-гадовага Хавіера Вальдэса застрэлілі каля рэдакцыі мэксыканскага штотыднёвіка Riodoce, які ён заснаваў у сваім родным горадзе Куліякан (Culiacan) у паўночна-заходнім штаце Сыналёа (Sinaloa).
Вальдэз стаў пятым журналістам, забітым сёлета ў Мэксыцы.
«Быць журналістам — гэта як быць у чорным сьпісе», — сказаў летась Вальдэз на прэзэнтацыі сваёй апошняй кнігі пра наркагрупоўкі.
Прэзыдэнт Энрыке Пэньня Ньета заявіў у «Твітэры», што ён замовіў «расьсьледаваньне гэтага абуральнага злачынства».
Мэксыка займае трэцяе месца ў сьвеце паводле колькасьці забітых журналістаў, саступаючы Сырыі і Аўганістану.
Паводле зьвестак праваабарончай арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў», з 2000 году ў Мэксыцы забілі 102 журналістаў.