Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Янаве вандалы разьбілі памятны знак сьвятога Андрэя Баболі


У горадзе Янаве, што ў Берасьцейскай вобласьці, невядомыя разьбілі каменную пліту з памятным тэкстам пра апостала Палесься — сьвятога Андрэя Баболю.

Пліта знаходзілася каля «Крыжоў Адзінства» — месца на ўскраіне гораду, дзе распачаўся пакутніцкі шлях сьвятога. Там усталяваныя разам каталіцкі і праваслаўны крыжы, камень і пліта з надпісам.

Некалькі месяцаў таму стары памятны знак там замянілі на новы. Пашкоджаньні заўважылі 13 траўня. Пра здарэньне прадстаўнікі касьцёльнай улады паведамілі ў міліцыю. Разьбітую пліту дэмантавалі.

Сьвяты Андрэй Баболя — апякун Пінскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкага касьцёлу Беларусі, у літургіі ўспамінаецца 16 траўня.

Андрэй Баболя быў вядомы як здольны прамоўца, ён перамагаў у дыспутах прадстаўнікоў праваслаўя і схіляў іх да каталіцызму. Адны празвалі яго «душахватам», іншыя — «апосталам Піншчыны».

У часе вайны Расеі з Рэччу Паспалітай 1654–67 гадоў Андрэя Баболю схапілі і закатавалі ў Янаве-Палескім казакі з атраду палкоўніка Антона Здановіча.

Сёлета ўрачыстасьці ў Янаве ў гонар сьвятога Андрэя Баболі пройдуць 20 траўня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG