Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да якіх наступстваў можа прывесьці чарговы запуск ракеты Паўночнай Карэі?

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст.

Цыганкоў: Паўночная Карэя ў панядзелак абвясьціла пра пасьпяховы запуск балістычнай ракеты сярэдняй дальнасьці новага тыпу. Паводле ацэнак КНДР, такая ракета можа несьці цяжкую ядзерную боегалоўку. Назіральнікі ўжо адзначылі значны тэхналягічны рывок, паколькі падчас гэтых выпрабаваньняў ракета ўзьнялася на большую вышыню, чым усе ранейшыя, і ляцела даўжэй, чым папярэднія.

Адбылася цэлая дыскусія паміж расейцамі і амэрыканцамі, бо амэрыканцы заявілі, што ракета ўпала за 86 кілямэтраў ад Уладзівастоку, але расейцы не пацьвердзілі гэтую інфармацыю і на дадзены момант мы ня можам сказаць дакладна, што ж адбылося. Гэты выпадак зноў-такі парушае ўсе рэзалюцыі ААН, выклікае адмоўную рэакцыю з боку Паўднёвай Карэі, Японіі і ЗША.

Мне ўяўляецца, гэта можа быць вырашана толькі так званым іранскім варыянтам.

Як можна вырашыць гэтую праблему? Мне ўяўляецца, гэта можа быць вырашана толькі так званым іранскім варыянтам. 2 гады таму было падпісанае пагадненьне, паводле якога з Ірану зьнялі санкцыі, а ён паабяцаў, што ня будзе працягваць ваенную ядзерную праграму, а толькі мірную. І дапусьціў міжнародных экспэртаў МАГАТЭ на ўсе свае ядзерныя аб’екты. Гэта тады атрымалася пераважна дзякуючы таму, што ўсе вялікія гульцы, Расея, ЗША, Эўразьвяз, пагадзіліся. Супраць быў толькі Ізраіль, Савудаўская Арабія і іншыя арабскія краіны, але іх меркаваньне не было ўлічанае. Гэта прыклад.

Безумоўна, выпадак КНДР больш цяжкі, паколькі ёсьць асаблівасьці, дадатковы фактар — неадэкватнасьць карэйскага лідэра. Але мне здаецца, гэта перабольшаньне, бо яго перш за ўсё хвалюе стабільнасьць яго улады, і ён успрымае менавіта наяўнасьць ядзернай зброі як галоўны аргумэнт. Без яе, ён пэўна думае, вялікія дзяржавы будуць больш здольныя дамовіцца паміж сабой і зрынуць яго, ва ўсялякім разе, прывесьці нейкім чынам да зьмены ўлады.

Гэта чарговае, зусім не ўнікальнае абвастрэньне.

Мне здаецца, гэтая тэма будзе надоўга. Гэта чарговае, зусім не ўнікальнае абвастрэньне, яны здараюцца часта, і часам яны даходзілі да яшчэ больш рэзкіх інцыдэнтаў, калі адбываліся нават перастрэлкі на паўднёва-паўночнакарэйскай мяжы. Пакуль гэтага няма, але ёсьць разуменьне, што трэба неяк праблему вырашаць, і галоўнае, што можа быць перашкодай для іранскага варыянту — гэта пазыцыя Расеі, якая ў пэўны час мела такую ж пазыцыю, як ЗША. Галоўным абаронцам КНДР выступаў Кітай, а цяпер нават Кітай больш схіляецца да рэзкіх дзеяньняў адносна Пхеньяну, а Расея выступае яго галоўным адвакатам. Пры тым не з-за нейкіх сваіх інтарэсаў, бо Расея сама мяжуе з КНДР і сапраўды ракеты хутчэй даляцяць да расейскай тэрыторыі, чым да амэрыканскай, але менавіта на зло Захаду. Апошні час замежная палітыка Расеі выглядае так: усяму, што ні робіць Захад, мы пярэчым.

Карбалевіч: Ужо шмат гадоў увесь сьвет у роспачы і ня ведае, што рабіць з КНДР, якая насуперак рэзалюцыяў ААН працуе над стварэньнем ядзернай зброі і міжкантынэнтальных балістычных ракетаў. Няхай тэхналёгіі гэтых ракетаў і не дасканалыя, але з кожным выпрабаваньнем гэтыя ракеты ляцяць усё вышэй і далей. І калі нічога не рабіць, то ўрэшце Паўночная Карэя зможа шантажаваць увесь сьвет.

А што рабіць, да канца не зразумела. Па-першае, існуюць сур’ёзныя рознагалосьсі паміж США, Кітаем і Расеяй па гэтым пытаньні. Гледзячы па ўсім, і Пэкін не кантралюе свайго саюзьніка.

Як толькі ЗША нанясуць ракетны ці бомбавы удар па КНДР, тая адразу пачне пускаць ракеты па Паўднёвай Карэі і Японіі.

Ваеннаму рашэньню перашкаджае шэраг чыньнікаў. Найперш у выпадку вайны найбольш пацерпяць саюзьнікі ЗША: Паўднёвая Карэя і Японія. Невыпадкова новы прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ін выступае за мірнае вырашэньне супярэчнасьцяў. Бо як толькі ЗША нанясуць ракетны ці бомбавы удар па КНДР, тая адразу пачне пускаць ракеты па Паўднёвай Карэі і Японіі. А там шмат АЭС. Гэты рэгіён — самы густанаселены раён сьвету. Ад вайны пацерпяць мільёны людзей.

Зразумела, з дапамогай шантажу Кім Чэн Ын хоча атрымаць нейкія палітычныя і эканамічныя дывідэнды. Таму ня першы раз узьнікае пытаньне: можа лепш заплаціць вар’яту? Раней плацілі. Але тут уступаюць у сілу амбіцыі ЗША. І ўрэшце, колькі можна плаціць, бо апэтыты Пхеньяна будуць толькі расьці.

Дракахруст: Некалькі тыдняў таму была дыскусія, калі групоўка амэрыканскага ВМФ наблізілася да берагоў Паўночнай Карэі. Тады прагучала амэрыканскае папярэджаньне, што калі КНДР будзе працягваць ракетныя выпрабаваньні, то Амэрыка можа адказаць і сілай.

Палітыка ЗША — гэта балянсаваньне на мяжы.

Памятаем, як шмат людзей тады казалі, што вайна на парозе, маўляў, маладзец Трамп, давай, удар, як па Сырыі. Як бачым, усё ж бліжэй да рэальнасьці аказалася вэрсія, паводле якой палітыка ЗША — гэта балянсаваньне на мяжы, што гэта спроба дасягаць палітычных мэтаў пры дапамозе дэманстрацыі зброі, а не яе ўжываньня. Як бачым, папярэджаньні гучалі, выпрабаваньне адбылося, у цэлым пасьпяховае, а ніякага мора агню з «Карла Вінсана» не было.

Але гэта ня значыць, што ваенна-марская дэманстрацыя ня мела ніякага выніку. Сёе-тое адбылося. Цікавая прапанова, даволі абстрактная, такі пробны шар, прагучала з вуснаў прэзыдэнта Трампа, калі ён сказаў, што ня супраць сустрэцца з Кім Чэн Ынам. На пэўных умовах, але да яго ніякаму прэзыдэнту ЗША ў галаву не прыходзіла сустракацца з пачварамі, якія ў Пхэньяне кіруюць. Прынамсі гэта ход, гэта таксама дыпляматычны ход.

Ну і яшчэ адзін вынік, гэтая інфармацыя днямі зьявілася — што высокапастаўленая паўночнакарэйская чыноўніца сустрэлася ў Эўропе з велізарнай камандай амэрыканскіх экспэртаў. І, магчыма, гэты візыт «Карла Вінсана» і быў прымушэньнем прынамсі да гэтых перамоваў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG