Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША абвінавацілі ўрад Сырыі ў масавых забойствах зьняволеных


Турма ў Саядная (здымак са спадарожніка).
Турма ў Саядная (здымак са спадарожніка).

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША абвінаваціла рэжым прэзыдэнта Сырыі Башара Асада ў масавых забойствах тысяч зьняволеных. Паводле дадзеных Дзярждэпартамэнту, целы забітых спальвалі ў спэцыяльным крэматорыі ў прыгарадзе Дамаску. Гаворка ідзе пра паселішча Саядная.

Амэрыканскае зьнешнепалітычнае ведамства апублікавала фотаздымкі комплексу будынкаў, дзе, як мяркуецца, забівалі і спальвалі зьняволеных. Раней пра масавыя катаваньні і пакараньні сьмерцю ў Саядная казала міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International. Паводле праваабаронцаў, з 2011 па 2015 год у турме былі забітыя да 13 тысяч чалавек. За ноч на сьмерць адпраўлялі па 40-50 чалавек.

Amnesty International сьцьвярджае, што сьмяротныя прысуды за некалькі хвілінаў выносілі ваенна-палявыя суды. Зьняволеныя прызнаваліся ў злачынствах падчас катаваньняў. У дакладзе праваабаронцы прыводзяць сьведчаньні дзясяткаў тых, хто выжыў, і былых турэмных наглядчыкаў.

У інтэрвію Радыё Свабода адзін з аўтараў дакладу Даена Сенаан распавяла, што раз у тыдзень зьняволеных выводзяць з камэр, фармуюць групу прыкладна зь пяцідзесяці чалавек, і кажуць, што зьбіраюцца перавозіць іх у іншую турму. Насамрэч ахоўнікі адводзяць іх у сутарэньне у адным блёку. Там асуджаных зьбіваюць, пасьля чаго невялікімі групамі адводзяць на пакараньне сьмерцю праз павешаньне. Нярэдка зьняволеным наогул нічога не кажуць, завязваюць вочы і караюць сьмерцю без папярэджаньня. Увесь працэс праходзіць у прысутнасьці некалькіх найвышэйшых чыноўнікаў з сырыйскага ўраду.

У Вашынгтоне неаднаразова абвінавачвалі сырыйскі ўрад у парушэньні правоў чалавека. У прыватнасьці, паводле дадзеных уладаў ЗША, сілы Асада неаднаразова ўжывалі хімічную зброю супраць узброенай апазыцыі. У Дамаску гэтыя абвінавачваньні адмаўляюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG