Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ганарыцца, што Беларусь першай у Эўропе далучылася да «Шаўковага шляху»


Аляксандар Лукашэнка ў Пэкіне 15 траўня 2017 году

Працягваецца візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай.

«Сёньня сьвет знаходзіцца ў стадыі актыўнага разьвіцьця і глябальных пераменаў, і гэтыя зьмены спалучаныя з выклікамі і небясьпекамі», — заявіў 15 траўня Аляксандар Лукашэнка ў Пэкіне падчас пасяджэньня круглага стала кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц форуму міжнароднага супрацоўніцтва «Адзін пояс і адзін шлях».

Лукашэнка падкрэсьліў, што глябальныя ініцыятывы «Адзін пояс і адзін шлях» і «Супольнасьць адзінага лёсу», агучаныя кітайскім лідэрам Сі Цзіньпінем, — гэта глыбокая яднальная філязофія міжнароднага супрацоўніцтва. Паводле яго, пры рэалізацыі гэтых канцэпцый не адбываецца навязваньня інтарэсаў, гандлёвай экспансіі ў іншыя дзяржавы, Кітай як дружалюбная краіна прапануе мэханізмы стымуляваньня сумеснага разьвіцьця:

«Праект „Адзін пояс і адзін шлях“ ня толькі перакройвае эканамічную мапу сьвету, стварае новыя пункты росту, але і фармуе міжнародныя дачыненьні новага тыпу, — лічыць Лукашэнка. — Гэта інтэграцыя па-над блёкамі, яна закліканая гарманізаваць усе эканамічныя інстытуты і прыняць бар’еры на шляху свабоднага руху тавараў, інвэстыцый і людзей. Ганаруся тым, што Беларусь стала першай краінай у Эўропе і адной зь першых краінаў у сьвеце, якія падключыліся да будаўніцтва эканамічнага поясу Шаўковага шляху ў цэлым шэрагу кірункаў», — заявіў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што, рэалізуючы прынцыпы пабудовы «Супольнасьці адзінага лёсу», Беларусь і Кітай разам прасоўваюць праект індустрыяльнага парку «Вялікі камень». Паводле Лукашэнкі, ён будуецца як горад будучыні —экалягічны, інавацыйны і камфортны для працы і для жыцьця.

У Кітаі Аляксандра Лукашэнку суправаджае малодшы сын Мікалай.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG