Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Фэдэрацыі хакею Беларусі сьпісаў няўдачы зборнай на «пераходны пэрыяд»


Напярэдадні каманда Беларусі па хакеі здолела атрымаць першую перамогу на чэмпіянаце сьвету, што праходзіць у Францыі і Нямеччыне. Дагэтуль было пяць паразаў у пяці матчах.

Выйгрыш у супрацьстаяньні са славенцамі, гэткімі ж аўтсайдэрамі групы В, дазволіў падначаленым канадзкага спэцыяліста Дэйва Льюіса яшчэ на сэзон застацца ў хакейнай эліце. Апошняя сустрэча з нарвэжцамі ўжо нічога не вырашае, зборная Беларусі застанецца на перадапошняй пазыцыі.

На папярэднім усясьветным першынстве беларусы гэтаксама змагаліся за тое, каб ня вылецець у ніжэйшы рангам дывізыён.

Старшыня Фэдэрацыі хакею Беларусі Ігар Рачкоўскі ў пасьляматчавым камэнтары сказаў, што ехалі ў Парыж, каб змагацца за выхад у плэй-оф, а ў выніку даводзіцца цешыцца тым, што не разьвіталіся з вышэйшай лігай усясьветнага хакею:

«Хачу падзякаваць нашым заўзятарам — усіх, хто па-сапраўднаму перажываў за хлопцаў і падтрымліваў іх, — адзначыў спартовы функцыянэр. — Напэўна, наша агульная вера і запаліла агонь. Выніковы лік даказаў, што каманда нарэшце зьняла кайданы няўпэўненасьці. Многія хлопцы без кантрактаў, але яны гуляюць за краіну, нават рызыкуючы атрымаць траўму, прапусьціць сэзон. Вядома, мы хацелі прайсьці ў плэй-оф. Цяпер у нас абʼектыўна пераходны пэрыяд. Вядома, мы маглі б яго адтэрмінаваць, але трэба рухацца наперад. У рэшце рэшт, не ў многіх краін цяпер усе тры зборныя гуляюць у эліце сусьветнага хакея».

Напярэдадні адлёту галоўны трэнэр Дэйв Льюіс заяўляў, што каманда ставіць перад сабой максымальную задачу — здабыць узнагароды. Аднак пасьля такога няўцямнага выступу, на перакананьне спартовых аналітыкаў, канадцу нічога не застанецца, як дачасна пакаваць чамаданы. Пра сваю адстаўку ў выпадку няўдалай гульні зборнай казаў і Ігар Рачкоўскі.

XS
SM
MD
LG