Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Францыі адбудзецца цырымонія перадачы паўнамоцтваў ад дзейнага кіраўніка краіны Франсуа Алянда абранаму прэзыдэнту Эмануэлю Макрону.

Раней Алянд выказваў спадзеў, што перадача ўлады пройдзе ў простай, яснай і сяброўскай абстаноўцы: «Я не перадае ўладу палітычнаму апанэнту, так што ўсё нашмат прасьцей», — казаў ён.

Па даўняй традыцыі Алянд сустрэне свайго пераемніка перад уваходам у Елісейскі палац, пасьля чаго яны пройдуць унутр, дзе Макрон будзе пасьвечаны ў шэраг дзяржаўных таямніцаў.

Увечары, пасьля пратакольных мерапрыемстваў новы прэзыдэнт выправіцца ў парыскую ратушу Гатэль-дэ-Віль, дзе яго прыме мэр Парыжу Ан Ідальга.

Не пазьней за 15 траўня Эмануэль Макрон мусіць назваць імя новага прэмʼер-міністра, на панядзелак заплянаваны першая нарада міністраў. Такім чынам, да аўторка ўрад павінен быць цалкам сфармаваны.

Паведамляецца, што свой першы афіцыйны візыт у якасьці прэзыдэнта Макрон зробіць у Нямеччыну, дзе сустрэнецца з канцлерам Ангелай Мэркель.

Пераможцам прэзыдэнцкіх выбараў у Францыі Эмануэль Макрон быў абвешчаны 10 траўня. Паводле канчатковых дадзеных, ён атрымаў 66,1% галасоў, тады як яго супэрніца Марын Ле Пэн — 33,9%.

XS
SM
MD
LG