Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці памірыць Дональд Трамп Украіну з Расеяй?


Дональд Трамп зь міністрамі замежных справаў Расеі і Ўкраіны

Абмяркоўваюць: Валер Каліноўскі, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.

Каліноўскі: #Letsmakepeace — такі хэштэг ужыў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у Твітэры (што можна перакласьці як «Давайце мірыцца!») у сваім паведамленьні пра сустрэчы зь міністрамі замежных спраў Расеі і Ўкраіны. Такім чынам прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў Расею і Ўкраіну да міру.

У адзін і той жа дзень Дональд Трамп сустракаўся зь міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым і міністрам замежных справаў Украіны Паўлом Клімкіным. Запіс прэзыдэнта Трампа пра гэта ў сетцы мікраблогаў Twitter быў аздоблены каляжам з фатаздымкамі гэтых перамоваў.

Сустрэчы Дональда Трампа зь міністрамі Лаўровым і Клімкіным адбыліся 10 траўня ў Вашынгтоне. З Лаўровым Трамп абмеркаваў Украіну, у тым ліку вайну за Данбас, а таксама вайну ў Сырыі. У абодвух гэтых канфліктах Расея бярэ непасрэдны ўдзел, хоць прызнаваць свае войскі на Данбасе ня хоча.

Падзеі цяпер пачнуць разгортвацца хутчэй, і можна спадзявацца, што канфлікт будзе выведзены з замарожанага стану на шлях трывалага міру.

Дональд Трамп на сустрэчы зь Сяргеем Лаўровым падкрэсьліў, што Расея павінна выконваць Менскія пагадненьні, якія фактычна блякуюцца Масквою і баевікамі, якіх яна падтрымлівае. Трамп заявіў пра адказнасьць Расеі за поўнае выкананьне Менскіх дамоўленасьцяў. Дзяржаўны сакратар ЗША Тылерсан падчас перамоваў з Лаўровым заявіў, што санкцыі супраць Масквы будуць дзейнічаць, пакуль яна не адмовіцца ад дзеяньняў ва Ўкраіне, якія сталі іх прычынай.

На сустрэчы з Клімкіным Трамп падрабязна абмеркаваў разьвіцьцё сытуацыі на Данбасе. Як паведаміла амбасада Ўкраіны ў Вашынгтоне, прэзыдэнт ЗША выказаўся ў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і яе процідзеяньня расейскай агрэсіі.

Прэзыдэнт ЗША актыўна і імпэтна, як ён робіць усе на сваёй пасадзе, далучыўся да намаганьняў разьвязаць сытуацыю ва Ўкраіне. Мяркую, што падзеі цяпер пачнуць разгортвацца хутчэй, і можна спадзявацца, што канфлікт будзе выведзены з замарожанага стану на шлях трывалага міру.

Гэта сапраўды магчыма, калі ЗША рэальна ўмяшаюцца ў канфлікт і будуць ціснуць на Расею.

Трамп звычайна дзейнічае хутка і актыўна, што дае надзею на паскарэньне вызваленьня ўкраінскіх тэрыторыяў і вяртаньня там украінскай улады, на тое, што вайна на Данбасе скончыцца. Што да паўвыспы Крым, то вяртаньне яго — справа цяжкая і не на адзін год. Але тое, што ўсясьветная супольнасьць так і не прызнала Крым расейскім, чаго дамагаўся Пуцін, дае надзею на тое, што і вяртаньне Крыму адбудзецца, асабліва калі міжнародная супольнасьць праявіць рашучасьць і настойлівасьць.

Што да Сырыі, дык тут Расеі таксама прыйдзецца адступаць. І, можа, нават хутчэй.

У той час як кіраўніцтва і спэцслужбы Расеі засяродзілі свае намаганьні на штучным стварэньні вобразу ворага ў асобе некаторых былых рэспублік СССР, ЗША, краін Эўразьвязу і блёка НАТО, у самой Расеі ўзмацніліся праблемы з ісламскім сьветам.

Спэцслужбы Расеі не змаглі выявіць рэальную пагрозу з боку радыкальнай арганізацыі «Ісламская дзяржава», а сілы і матэрыяльныя рэсурсы Расеі не былі сканцэнтраваныя для супрацьстаяньня рэальнай тэрарыстычнай пагрозе. У выніку мы бачылі шэраг тэрактаў у Расеі, перш за ўсё на Паўночным Каўказе, а найбольшы з тэрактаў быў у мэтро ў Санкт-Пецярбургу.

Тым больш што яшчэ два гады таму расейскія ісламісты, якія служаць у войску Ісламскай дзяржавы — а іх у Сырыі некалькі тысяч — абвясьцілі Расеі джыгад і пагражалі выбухамі ў расейскіх гарадах.

Расеі трэба выходзіць і з Украіны, і з Сырыі, і яна можа скарыстаць Трампавы парады і ціск зь ягонага боку, каб хутчэй зрабіць гэта.

Цыганкоў: Адміністрацыя Трампа пакуль толькі намацвае межы сваёй стратэгічнай замежнай палітыкі. Калі ўлічыць асаблівасьці натуры новага прэзыдэнта ЗША, яго веру ў тое, што ўсе пытаньні ён можа вырашыць тымі ж самымі мэтадамі, якімі карыстаўся ў бізнэсе, то гэтая справа зусім ня лёгкая. Замежная палітыка — гэта ня толькі прэзыдэнт, гэта і Дзярждэпартамэнт, цэлая інстытуцыя дарадчыкаў, адпаведных структур. Таму ня ўсё павінна канцэнтравацца толькі на асобе кіраўніка дзяржавы. Але менавіта імпульсіўнасьць Трампа можа тут парадаксальным чынам згуляць станоўчую ролю. Ён трошкі апярэджвае падзеі, ён не чакае, пакуль адпаведныя структуры падрыхтуюць яму рашэньні, а сам прымае рэзкія рашэньні, як мы бачылі падчас бамбаваньня пазыцыі сырыйскіх урадавых сіл.

У расейскай тэме ён будзе асабліва прынцыповы, рэзкі, але пры гэтым кіравацца сваімі падыходамі да замежнай палітыкі як да бізнэсу.

Але адносіны з Расеяй можна ўвогуле вынесьці за дужкі амэрыканскай палітыкі, бо гэта не зусім звычайнае пытаньне для Трампа. Тут Трамп, дзякуючы ціску грамадзкасьці, перш за ўсё апазыцыйных да яго СМІ і палітыкаў, у адносінах з Расеяй вымушаны не праявіць слабасьць, каб не даваць падстаў для размоваў на тэму ягонай нібыта залежнасьці ад Масквы. Таму менавіта ў расейскай тэме ён будзе асабліва прынцыповы, рэзкі, але пры гэтым кіравацца сваімі падыходамі да замежнай палітыкі як да бізнэсу.

Не магу пагадзіцца з такім аптымізмам, які выказаў Валер Каліноўскі, наконт магчымасьці даволі хуткага, пры актыўным удзеле ЗША, рашэньня праблемы ДНР і ЛНР. Якое ўвогуле вы бачыце патэнцыйнае рашэньне, на якое магла б пагадзіцца Расея?

Каліноўскі: Яна ня можа пагадзіцца ні на што. Але калі будзе ціск, калі будуць рэальныя санкцыі, калі будзе рэальнае жаданьне гэта вырашыць — у ЗША ёсьць дастаткова рычагоў. Я не кажу пра вайсковыя — ёсьць фінансавыя, ёсьць іншыя. Калі ЗША такую мэту паставяць, то РФ будзе вымушаная вывесьці свае войскі.

Цыганкоў: Ва ўсялякім разе, цяпер ужо ёсьць адно радыкальнае адрозьненьне ў замежнай палітыцы Трампа ад таго, што ён казаў перад выбарамі. Усе баяліся ізаляцыянізму, баяліся, што замежная палітыка будзе ня вельмі актыўная. Але Трамп даволі актыўна і рэзка выступае амаль у кожным ключавым пункце замежнай палітыкі — Сырыя, Паўночная Карэя, Расея. І сапраўды, гэта дае спадзяваньні на нейкую зьмену статус-кво. Бо ў так званым Менскім працэсе ЗША ня бралі ўдзелу, і, магчыма, на думку некаторых, гэта і стала прычынай таго, што Менскія пагадненьні не выконваюцца.

Карбалевіч: Хачу працягнуць думку Віталя Цыганкова. Галоўная праблема Дональда Трампа ў адносінах з Расеяй палягае ў тым, што ў яго зьвязаныя рукі. Ён пад моцным ціскам амэрыканскай грамадзкасьці, якая абвінавачвае яго ў ляяльнасьці да Пуціна, у супрацоўніцтве з Расеяй на шкоду амэрыканскім інтарэсам, у тым, што Масква дапамагла яму перамагчы на выбарах. Таму Трамп павінен дэманстраваць жорсткасьць у адносінах з РФ, каб давесьці ўсім, што гэта ня так.

Сустрэча Трампа з Лаўровым была, хутчэй, пратакольная, як дыпляматычная ветлівасьць. Бо нядаўна Пуцін прыняў у Маскве амэрыканскага дзяржсакратара. Пратакольнасьць сустрэчы відаць па тым, што яна цягнулася толькі 40 хвілін. За такі час немагчыма абмеркаваць шматлікія амэрыканска-расейскія супярэчнасьці. А потым дзеля раўнавагі сустрэўся зь міністрам замежных спраў Украіны Клімкіным.

Прэс-служба Белага дома пасьля сустрэчы прэзыдэнта ЗША з Лаўровым выступіла з даволі жорсткай заявай. Там адзначана, што Трамп заклікаў Расею «стрымаць рэжым Асада, Іран і падручных Тэгерана». А гэта ж саюзьнікі Расеі. То бок Вашынгтон заклікаў Расею адмовіцца ад сваіх саюзьнікаў. Зразумела, гэта нерэальна.

Супярэчнасьці ніяк не зьмяншаюцца, а можа, нават будуць нарастаць.

І заява па ўкраінскім пытаньні гучыць ня менш жорстка. Там гаворыцца, што «Прэзыдэнт... падкрэсьліў абавязак Расеі цалкам выконваць Менскія пагадненьні». І гэта значыць, што да той пары, пакуль Менскія пагадненьні ня будуць выкананыя, амэрыканскія санкцыі супраць Расеі будуць захоўвацца.

А справа ў тым, што афіцыйна Расея ня лічыць сябе ўдзельніцай канфлікту на Данбасе. Яна лічыць сябе толькі гарантам гэтых пагадненьняў. А вось Вашынгтон лічыць інакш. Ён патрабуе ад Масквы выкананьня гэтых пагадненьняў, то бок лічыць Маскву якраз удзельніцай гэтага канфлікту.

Гэтая заява прэс-службы Белага дому сьведчыць пра тое, што ў ЗША і Расеі існуюць вострыя супярэчнасьці па пытаньні Сырыі і Ўкраіны. І пазыцыя ЗША тут вельмі жорсткая. Таму гэтыя супярэчнасьці ніяк не зьмяншаюцца, а можа, нават будуць нарастаць.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG