Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я наогул баюся за ягонае жыцьцё ў тых умовах». Да Сіўчыка не пускаюць адваката


Вячаслаў Сіўчык
Вячаслаў Сіўчык

Да лідэра руху «Разам» Вячаслава Сіўчыка не пускаюць адваката ў турму на Акрэсьціна.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла маці палітыка Галіна Сіўчык.

Вячаслаў Сіўчык адбывае 15-суткавы арышт за ўдзел у акцыі салідарнасьці, якая прайшла 1 траўня ў Менску. Падчас суду палітык заявіў, што абвяшчае галадоўку супраць умоваў утрыманьня ў турме на Акрэсьціна.

«Учора адвакат там чакаў, і яго зноў не пусьцілі. Відаць, адвакат павінен ля Акрэсьціна круглыя суткі дзяжурыць, каб туды трапіць. Прадстаўнікі турмы кажуць, што там няма кабінэту для сустрэчы. Гэта ж недарэчная прычына. Я вельмі баюся, што Вячаслава праз тое, што ён галадае супраць нялюдзкіх умоваў утрыманьня, зьбівалі. Таму яны, відаць, баяцца дапусьціць адваката. А яшчэ у выніку галадоўкі ён нямоглы і яго ня хочуць паказваць. Я наогул баюся за ягонае жыцьцё ў тых умовах», — сказала карэспандэнту Свабоды Галіна Сіўчык.

Вызваленьне Сіўчыка з турмы на Акрэсьціна чакаецца 18 траўня.

«Гэта вельмі вялікі тэрмін. Тым больш раней, 21 год таму, ён жа проста канаў, адмовілі ныркі. Тады быў генэрал Кухарчык, і я яму тэлефанавала кожную раніцу і пыталася, і казала яму, што на ім адказнасьць за жыцьцё Вячаслава. А цяпер жа няма каму і гаварыць».

Апошнім часам адвакатаў не пусьцілі і да палітыкаў Мікалая Статкевіча і Ўладзімера Някляева, якія таксама адбывалі на Акрэсьціна кароткатэрміновыя адміністрацыйныя арышты. У сувязі з гэтым старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі накіраваў зварот да генпракурора Беларусі Аляксандра Канюка.

Алесь Бяляцкі лічыць, што гэта «сьведчыць аб грубым парушэньні законных правоў асобаў, якія былі падвергнутыя адміністрацыйным спагнаньням у выглядзе кароткатэрміновага пазбаўленьня волі (адміністрацыйным арыштам), а менавіта права на абарону».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG