Дакумэнты на рэгістрацыю заснавальнікі падавалі 6 лютага. Яны лічаць, што Менгаравыканкам адмовіў на падставе дробных і надуманых «парушэньняў». Пасьля гэтага актывісты накіравалі скаргу ў Менскі гарадзкі суд, у якой папрасілі прызнаць адмову незаконнай.
Прадстаўнік Менгарвыканкаму падчас суду паведаміў, што заснавальнікі могуць «яшчэ раз падаць дакумэнты».
Гэта ўжо другая адмова ў рэгістрацыі «Моладзі Адраджэньня» за апошні год. Грамадзкае аб’яднаньне ня ставіць палітычных мэтаў. Згодна са статутам, мэтамі арганізацыі зьяўляецца папулярызацыя і адраджэньне беларускай мовы, беларускіх традыцый і гісторыка-культурнай спадчыны, культурна-асьветніцкая праца.
«На нашу думку, гэта паказчык той „мяккай беларусізацыі“, пра якую заяўляе ўлада, што насамрэч зьяўляецца пустым гукам, а ня нейкай рэальнай справай. У той час, калі рэгіструюць моладзевыя прарасейскія арганізацыі („Румол“), адмаўляюць у рэгістрацыі прабеларускім», — гаворыцца ў прэс-рэлізе «Моладзі БНФ».