«Учора, у той жа самы дзень, я сустракаўся зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым і міністрам замежных спраў Украіны Паўлам Клімкіным», — напісаў Трамп у сетцы мікраблогаў Twitter.
Прэзыдэнт ЗША таксама апублікаваў калаж з фотаздымкамі з гэтых сустрэч і далучыў да іх хэштэг #Letsmakepeace («Памірымся»).
Міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін 10 траўня правёў у Вашынгтоне сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і віцэ-прэзыдэнтам Майкам Пэнсам. На сустрэчы з Пэнсам, як паведаміла пасольства Ўкраіны ў ЗША, бакі падрабязна абмеркавалі разьвіцьцё сытуацыі на Данбасе.
«Паўло Клімкін падзякаваў за нязьменную пазыцыю адміністрацыі ЗША ў падтрымцы тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і процідзеяньня расейскай агрэсіі», — гаварылася ў тым паведамленьні.
Сустрэчы Паўла Клімкіна з амэрыканскімі лідэрамі папярэднічалі сустрэчы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і дзяржсакратара Рэкса Тылерсана зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым. Паводле інфармацыі амэрыканскага боку, Трамп пацьвердзіў абавязаньні адміністрацыі ў вырашэньні канфлікту ва Ўкраіне і падкрэсьліў адказнасьць Расеі за поўнае выкананьне менскіх дамоўленасьцяў. У Дзяржаўным дэпартамэнце паведамілі, што Тылерсан падчас перамоваў з Лаўровым заявіў, што санкцыі супраць Масквы будуць дзейнічаць, пакуль яна не адмовіцца ад дзеяньняў, якія іх справакавалі.