Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі гурт Naviband выйшаў у фінал «Эўравізіі-2017»


Такое рашэньне абвешчана сёньня пасьля выступу ўсіх 18 краін-удзельніц другога паўфіналу па выніках супольнага галасаваньня журы конкурсу ды тэлегледачоў музычнага шоў.

А пачаўся другі паўфінал з кавэр-вэрсій у суправаджэньні народных інструмэнтаў некалькіх вядомых пераможных хітоў папярэніх конкурсаў «Эўравізіі» — «My number one» пераможцы песеннага конкурсу 2005 Хелены Папарызу, «Fairytale», зь якою ў 2009 годзе Эўропу пакарыў нарвэскі беларус Аляксандр Рыбак і «Rise like a Phoenix» — песьні, што стала пераможнай для Канчыты Вурст ў 2014 годзе. У выкананьні гэтых хітоў таксама бралі ўдзел і двое вядучых шоў — Аляксандр Скічко граў на жалейцы, а Ўладзімер Астапчук — на акардэоне.

Беларускі Naviband выступаў пад чатырнаццатым нумарам. Сваю песьню «Гісторыя майго жыцьця» яны выконвалі ў белых касьцюмах, нібыта плывучы ў імправізаванай лодачцы, створанай на сцэне. У журналістаў гэты нумар падчас генэральнай рэпэтыцыі выклікаў асацыяцыі абраду вясельля.

Пакуль падлічвалі вынікі галасаваньня, прадстаўніца Македоніі Яна Бурчэска атрымала прапанову «рукі і сэрца» ад свайго хлопца і пярсьцёнак у падарунак. Перад шматтысячнаю аўдыторыю яна пагадзілася. Такое прызнаньне ў каханьні прагучала ўпершыню на «Эўравізіі», і як сказалі камэнтатары ўкраінскага тэлебачаньня, гэты «сюпрыз» ня быў прадугледжаны сцэнаром.

Нягледзячы на тое, што ў паўфінале выступалі прадстаўнікі 18 краін, яго трансьлявалі ня толькі ўсе 42 краіны-ўдзельніцы сёлетняга шоў, а й таксама Косава і Казахстан. А да трансьляцыі фіналу 13 траўня далучацца яшчэ ЗША і Кітай.

Тым часам у фінал таксама трапілі прадстаўнікі Баўгарыі, Харваціі, Ізраіля, Румыніі, Угоршчыны, Даніі, Нарвэгіі, Нідэрляндаў ды Аўстрыі.

Беларусь удзельнічае ў сьпеўным конкурсе «Эўравізія» з 2004 году, але беларускія выканаўцы за ўвесь гэты час толькі чатыры разы выходзілі ў фінал. Найлепшы вынік прадэманстраваў у 2007 годзе Дзьмітры Калдун, які паводле вынікаў галасаваньня заняў шостае месца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG