Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У РПЦ папрасілі прабачэньня за сьвятара, які сказаў, што баптысты «перашкаджалі перамозе»


Аляксей Якімаў
Аляксей Якімаў

Старэйшы сьвятар Сургуцкага благачыньня Ханты-Мансійскай япархіі РПЦ, протаярэй Антоні Ісакаў прынёс прабачэньні прадстаўнікам баптысцкай царквы за выказваньні свайго падначаленага.

9 траўня ў вёсцы Угут на мітынгу ў гонар Дня перамогі мясцовы сьвятар Аляксей Якімаў заявіў, што «на Русі разьвялося занадта шмат іншых вераў», пасьлядоўнікі якіх «перашкаджалі перамозе расейскага народу ў Вялікай айчыннай вайне». У ліку такіх веравызнаньняў Якімаў назваў пяцідзясятнікаў, баптыстаў і егавістаў.

Адразу пасьля мітынгу да пастара мясцовай баптысцкай абшчыны Дзьмітрыя Маньнікава прыйшоў участковы паліцыянт, які адвёў яго ў пастарунак для дачы тлумачэньняў. Паводле Маньнікава, яму было сказана, што яго «вера забароненая». Пасьля некалькіх званкоў паліцыянт прызнаў, што памыліўся, пераблытаўшы баптыстаў зь егавістамі (дзейнасьць Сьведкаў Яговы была забароненая ў Расеі ў канцы красавіка).

Паводле адваката Канстанціна Андрэева, які спэцыялізуецца на абароне прадстаўнікоў расейскіх рэлігійных меншасьцяў, ён падрыхтаваў заяву ў пракуратуру і МУС з патрабаваньнем узбудзіць супраць Аляксея Якімава крымінальную справу паводле артыкулу 282 КК РФ «Дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне нянавісьці альбо варожасьці, а таксама на прыніжэньне годнасьці чалавека або групы асоб па прыкметах адносіны да рэлігіі асобай з выкарыстаньнем свайго службовага становішча».

Як паведаміў Радыё Свабода Канстанцін Андрэеў, кіраўніцтва РПЦ паабяцала прыцягнуць Аляксея Якімава «да службовай адказнасьці».

Пасьля прыняцьця Дзяржаўнай думай Расеі «законаў Яравой» паводле артыкулу «Незаконная місіянэрская дзейнасьць» былі аштрафаваныя каля 10 чалавек. У баптысцкай абшчыны ў вёсцы Угут, як распавёў Радыё Свабода Дзьмітры Маньнікаў, быў аформлены расейскімі ўладамі дазвол на місіянэрскую дзейнасьць. Прадстаўнікі абшчыны ажыцьцяўляюць яе ў асноўным сярод хантаў, карэннага сыбірскага народу, які жыве на берагах рэк у Ханты-Мансійскай і Ямала-Ненецкай аўтаномных акругах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG