Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі з Горадні ня любяць езьдзіць у аддаленыя раёны


Гарадзенскі аблвыканкам

Смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў зьвярнуўся з заявай у Гарадзенскі аблвыканкам з тым, каб высьветліць, чаму кіраўніцтва аблвыканкау сёлета не заплянавала ніводнай сустрэчы з жыхарамі Смаргонскага раёну. Ён атрымаў адказ: прыём грамадзян праводзіцца ў адпаведнасьці з заканадаўствам.

Паводле Дзергачова, ён зьвярнуўся з заявай у Гарадзенскі аблвыканкам з прычыны таго, што пабачыў на ягоным сайце графік прыёму грамадзян па месцы жыхарства кіраўніцтвам аблвыканкаму ў раёнах вобласьці.

— Мяне зьдзівіла тое, што ў невялікім райцэнтры Дзятлаве кіраўніцтва аблвыканкаму за год ладзіць прыём грамадзян 4 разы, у Ваўкавыску і Шчучыне — па тры разы, у іншых — па два разы на год. А прамысловая Смаргонь наагул ня трапіла ў графік.

Атрымаўшы адказ з Гарадзенскага аблвыканкаму на сваю заяву, Дзергачоў быў зьдзіўлены яшчэ болей, бо яму коратка напісалі, што «прыём грамадзян кіраўніцтва аблвыканкаму праводзіць у адпаведнасьці з зацьверджаным графікам і ў строгай адпаведнасьці з заканадаўствам».

— Відавочна са складзенага графіку, што кіраўніцтва аблвыканкаму выбірае для сустрэч з грамадзянамі толькі самыя блізкія райцэнтры. Шчучын у 60 кілямэтрах ад Горадні, то туды тройчы прыедуць, а ў Астравец і Ашмяны — па разу, бо гэта значна далей. А ў Смаргонь, да якой 250 кілямэтраў, наагул не заяжджаюць. Думаю, што гэта звычайная чыноўніцкая лянота — паставяць галачку, што праца праведзеная, і на гэтым усё. А, дарэчы, у той самай Смаргоні ў людзей шмат праблемаў, і калі нехта да нас прыяжджае, то на прыём ідзе мноства людзей. Людзі чакаюць, каб нехта прыехаў і дапамог вырашыць усе іхныя праблемы. Але, бачыце, у начальства свае прэрагатывы...

У аддзеле працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў Гарадзенскага аблвыканкаму атрымаць тлумачэньне чыноўнікаў на зварот Дзергачова не ўдалося. Галоўная спэцыялістка аддзелу, якая прадставілася як спадарыня Ірына, сказала Свабодзе, што сама не ўпаўнаважаная адказваць на падобныя пытаньні, а начальнік аддзелу, маўляў, на пасяджэньні выканкаму і будзе толькі ўвечары.

XS
SM
MD
LG