Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча хоча выдаць Беларусі былога міліцыянта. Той кажа, што яму пагражае расстрэл


Папулярны польскі партал onet.pl апублікаваў гісторыю былога гарадзенскага міліцыянта, які ў 2013 годзе ўцёк у Польшчу. Беларусь дамагаецца яго экстрадыцыі. Дзьмітры Коўш сьцьвярджае, што ў Беларусі яго могуць абвінаваціць у шпіянажы і расстраляць.

Коўш сьцьвярджае, што ён працаваў міліцыянтам у Аддзеле па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю ў Горадні. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году ён, нібыта, знаходзіўся пад наглядам КДБ.

У сеціве захаваліся архіўныя публікацыі, у якіх сапраўды фігуруе імя опэрупаўнаважанага Дзьмітрыя Каўша ў Горадні. У іх ён дае афіцыйны камэнтар СМІ наконт кантрабанды на тэрыторыі Гарадзенскай вобласьці. Непрыемнасьці, паводле Каўша, пачаліся ў яго пасьля таго, як ахоўваючы адну з выбарчых камісій у 2006 годзе, ён заўважае парушэньні ў яе працы. Пасьля гэтага, паводле Каўша, на працы пачаліся праблемы: дадатковыя патрулі, дзяжурствы, вялікая колькасьць новых абавязкаў, якія немагчыма было выканаць у адведзены час, і пазбаўленьне прэміі.

У 2010 годзе годзе Каўша, быццам бы, адклікаюць з выбарчай камісіі за тое, што ён адмаўляецца галасаваць датэрмінова, і перадаюць справу ў КДБ.

Улетку, пасьля вяртаньня з адпачынку ў Польшчы, адбываецца першая сустрэча ў КДБ. Коўш сьцьвярджае, што падчас размовы гучалі абвінавачаньні ў шпіянажы на карысьць Польшчы і забаранілі выказвацца для прэсы наконт затрыманьняў кантрабандыстаў.

«У кантрабандзе неаднаразова ўдзельнічалі супрацоўнікі КДБ і іх сем’і. Спэцслужбы спрабуюць дамагчыся ад знаёмага Каўша даць яму хабар, каб той не займаўся сувязямі былых функцыянэраў са злачынным сьветам. Коўш адмаўляецца, але пасьля псыхалягічнага ціску ён трапляе ў псыхіятрычны шпіталь» — гаворыцца ў артыкуле на партале onet.pl

Коўш сьцьвярджае, што ў Беларусі яго могуць абвінаваціць у шпіянажы і расстраляць.

У 2013 годзе Коўш атрымлівае апэратыўную інфармацыю пра Аляксея К., які займаецца кантрабандай кампутарнай тэхнікі. Каўшу тэлефануюць з КДБ і тлумачаць, што ён і сапраўды займаецца супрацьзаконнай дзейнасьцю, але «працуе разам зь імі, таму яго нельга чапаць».

Празь некалькі тыдня Аляксея К. затрымліваюць. Праз свайго знаёмага ён спрабуе перадаць Каўшу грошы, але той адмаўляецца. Жонку Каўша затрымліваюць, а ў яго канфіскоўваюць пашпарт, зьмяшчаюць у ізалятар і праводзяць допыты. Неўзабаве ён выходзіць на волю.

Акружны суд у Варшаве сьцьвярджае, што вяртаньне ў Беларусь не парушыць ягоных правоў і свабодаў.

Праз Санкт-Пецярбург Дзьмітры Коўш трапляе ў Польшчу і зьвяртаецца да ўладаў па палітычны прытулак. Напрыканцы 2015 году яму адмаўляюць, паколькі «апісаныя падзеі не зьяўляюцца перасьледам паводле прыкметаў рэлігіі, расы, нацыянальнасьці, палітычных поглядаў альбо прыналежнасьці да канкрэтнай грамадзкай групы».

Акружны суд у Варшаве сьцьвярджае, што вяртаньне ў Беларусь не парушыць ягоных правоў і свабодаў. Коўш, у сваю чаргу, сьцьвярджае, што ў Беларусі яго могуць абвінаваціць у шпіянажы і расстраляць. Паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі, расстрэл магчымы толькі ў выпадку, калі здрада радзіме суправаджаецца забойствам.

У чацьвер у Варшаве адбудзецца паседжаньне апэляцыйнага суду. Суд выдасьць пастанову наконт юрыдычнай дапушчальнасьці выдачы Каўша ўладам Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG