Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэлектуальным клюбе Алексіевіч — Уладзімір Сарокін і Ян Арцюс-Бэртран


Сьвятлана Алексіевіч на адным з паседжаньняў Інтэлектуальнага клюбу.

Гасьцямі інтэлектуальнага клюбу Сьвятланы Алексіевіч у бліжэйшым часе будуць расейскі пісьменьнік Уладзімір Сарокін (29 траўня) і францускі кінадакумэнталіст і фатограф Ян Арцюс-Бэртран (1 чэрвеня).

У анонсе сустрэчы з Сарокіным нобэлеўская ляўрэатка адзначае:

«Уладзімір Сарокін — рускі пісьменьнік, сцэнарыст, драматург, адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў канцэптуалізму і соц-арту ў рускай літаратуры. Аўтар дзесяці раманаў, а таксама шэрагу аповесьцяў, апавяданьняў, п’ес і кінасцэнараў. Раман-скандал „Блакітнае сала“ (2009), які крытыкі параўноўвалі з найлепшымі творамі Жана Жэнэ і Ўільяма Бэраўза, прынёс яго аўтару статус „жывога клясыка“ сучаснай нонканфармісцкай прозы».

Суразмоўцам Сарокіна ў абмеркаваньні будзе беларускі культуроляг Аляксей Братачкін. Сустрэча адбудзецца 29 траўня, пачатак а 19.00 па адрасе: Менск, Палац мастацтваў, вул. Казлова, 3. Зарэгістравацца на ўдзел у гэтай сустрэчы можна, напісаўшы на адрас клюбу (alexievich.club@gmail.com) і падаўшы сваё імя і прозьвішча, не пазьней за 20 траўня 2017.

Пра Яна Арцюса-Бэртрана Сьвятлана Алексіевіч піша:

«Яго дакумэнтальны фільм „Дом“, зьняты сумесна зь Люкам Бэсонам у 53-х краінах, выразна паказаў, як чалавецтва нявечыць асяродзьдзе ўласнага пражываньня, і быў забаронены ў трох дзясятках краін, урады якіх асьцерагаліся яшчэ больш масавых акцый у абарону навакольнага асяродзьдзя. А нядаўняе тварэньне Арцюса-Бэртрана — унікальны кінафільм „Чалавек“ (Human), які адразу ўвайшоў у спіс 10 дакумэнтальных фільмаў, якія зьмяняюць сьветапогляд. Рэжысёр правёў тры гады, зьбіраючы рэальныя гісторыі 2000 жанчын і мужчын з 60 краінаў... Гэты фільм — калектыўны заклік шасьці зь лішнім мільярдаў да справядлівасьці ці хаця б міласэрнасьці. Гэта фільм аб суіснаваньні шчасьця і беднасьці, любові і няшчасьця, аб суіснаваньні адных людзей з іншымі, у цяжкіх умовах, створаных трэцімі».

Сустрэча зь Янам Арцюсам-Бэртранам адбудзецца 1 чэрвеня, пачатак у 19.00, па адрасе: Менск, Дом Масквы, вул. Камуністычная, 86. Зарэгістравацца на ўдзел у гэтай сустрэчы можна, напісаўшы на адрас клюбу (alexievich.club@gmail.com) і падаўшы сваё імя і прозьвішча, не пазьней за 20 траўня 2017 году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG