Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўзьняў сьцяг Перамогі над Райхстагам? Казахстан лічыць, што прапаганда скрала подзьвіг у казаскага байца


Родныя Ракымжана Кашкарбаева кажуць, што менавіта ён з Грыгорыем Булатавым першым ўзьняў сьцяг Перамогі над Райхстагам 30 красавіка 1945 году. За гэта байцы былі прадстаўлены да званьня Герояў Савецкага Саюзу, але ордэну так і не атрымалі, а ў падручніках гісторыі подзьвіг прыпісваўся Ягораву і Кантарыі.

Міхаіл Ягораў і Мелітон Кантарыя — гэтыя імёны і знакаміты здымак сьцягу Перамогі над Райхстагам неаддзельныя ад гісторыі перамогі ў Другой сусьветнай вайне. Аднак калі вайна скончылася, у Алма-Аце і мястэчку Слабадской Кіраўскай вобласьці Расеі знайшліся два героі, якія сьцьвярджаюць, што іх подзьвіг быў незаслужана забыты. Сястра Ракымжана Кашкарбаева Рымжан Мусабекава сьцьвярджае, што яе старэйшы брат, камандзір узводу выведкі 674-га стралковага палка 150-й стралковай дывізіі, неаднаразова ёй распавядаў, як менавіта ён разам з байцом Грыгорыем Булатавым усталяваў над Райхстагам сьцяг Перамогі. А перад гэтым спрабаваў пераадолець адлегласьць у 300 мэтраў на працягу 9 гадзін.

«Гэта здарылася 30-га красавіка: мой брат і Булатаў паднялі сьцяг і ўжо ўвечары BBC першым даведалася і расказала, — распавядае Рымжан Мусабекава. — Што над Райхстагам, нават напісана: «Над Райхстагам чырвоны сьцяг Савецкага Саюзу вісіць».

Аднак, паводле афіцыйных дадзеных, сьцяг над Райхстагам толькі праз суткі ўзьнялі Міхаіл Ягораў і Мелітон Кантарыя. Хоць да таго часу Кашкарбаева і Булатава ўжо прадставілі да званьня Героя Савецкага Саюзу.

«Жукаў кажа: „Навошта нам азіят, калі ёсьць рускі і грузін“», — скардзіцца Рымжан.

У выніку Зорку Героя Кашкарбаеву і Булатаву замянілі на ордэн «Чырвонага Сьцягу». Лейтэнант Кашакарбаев, кажа яго сястра, з самага пачатку разумеў, што ў гэтым рашэньні ёсьць ідэалягічная падбіўка. Бацька Ракымжана Кашкарбаева, як і яго трое братоў, былі рэпрэсаваныя як сыны бая Кудайкула.

«І вось я пытаюся ў яго: „Чаму?“ А ён адказвае: „Рымжан, ведаеш што, чаму? Таму што нашы бацькі багатырамі былі“. Ён аказаўся ўнукам рэпрэсаванага Кашкарбая», — распавядае Рымжан Мусабекава.

Пасьля вяртаньня на радзіму пасьля вайны Ракымжан Кашкарбаеў займаў розныя пасады і напісаў дзьве кнігі. Доўгі час пра гісторыю са сьцягам Перамогі ён не распавядаў нават блізкім. Адкрыў ўсю праўду толькі ў канцы жыцьця.

Лёс яго напарніка, салдата Грыгорыя Булатава, склаўся нашмат трагічней. Ён быў асуджаны, а пасьля вяртаньня на радзіму заахвоціўся да алькаголю і скончыў жыцьцё самагубствам. Кажуць, што калі ён спрабаваў расказаць землякам сапраўдную гісторыю вясны 45-га, усё над ім сьмяяліся і нават далі яму мянушку «Грышка-Райхстаг».

«Ён шмат пісаў брату майму, — кажа Рымжан Мусабекава. — Ён павесіўся, таму што сьпіўся. Таму што ніхто нічога не прызнаваў, ня верыў у тое, што менавіта яны паднялі сьцяг».

Праз паўстагодзьдзя ў Казахстане Ракымжану Кашкарбаеву пасьмяротна прысвоілі званьне «Халык Кахарманы» (Народны герой). Але ў суседняй Расеі подзьвіг Кошкарбаева і Булатава прызналі толькі летась.

«У Казахстане цяпер ва ўсіх падручніках, у пытаньнях на экзамэнах ёсьць: „Хто першым узьняў сьцяг Перамогі?“ У нас правільны адказ — Рыгор Булатаў і Ракымжан Кашкарбаеў», — распавядае Даурэн Кашкарбаеў, унук Ракымжана Кашкарбаева. — У той жа час цяпер у Расеі гэтае пытаньне застаецца адкрытым, і да гэтага часу гэта Ягораў і Кантарыя".

Шануюць памяць вайскоўца з Казахстану і ў Нямеччыне. У 1980 годзе, да 35-годзьдзя Перамогі, імя Ракымжана Кашкарбаева было прысвоена адной са школаў гораду Патсдам недалёка ад Бэрліну. На радзіме героя, у Акмалінскай вобласьці, аднайменная школа зьявіцца толькі праз тры дзесяцігодзьдзі. Адна з вуліц адміністрацыйнага цэнтру Астаны таксама носіць імя вэтэрана, а вось помнік яму зьявіўся толькі два гады таму, дый то доўгі час быў агароджаны будаўнічым плотам. Яго адкрыцьцё хацелі прымеркаваць да аднаго з дзяржаўных сьвятаў, але сястра Кашкарбаева настаяла на сваім.

«Я ім кажу: «Калі ня хочаце адкрыць, так мне і скажыце!» Яны казалі: «Заўтра прыходзьце, пасьлязаўтра, праз тыдзень прыходзьце...» Мне надакучыла, — успамінае Рымжан Мусабекава. — Потым я ўжо напярэдадні яго дня нараджэньня, недзе за 10 дзён прыйшла туды і кажу: «Ведаеце што, калі вы не хочаце адкрыць — тады мы, сваякі, зьбяромся і кветкі будзем ўскладаць». Праз два дні мне тэлефануюць і кажуць: «Мы заўтра будзем адкрываць».

Копію сьцягу Перамогі, які быў узьняты над Райхстагам лейтэнантам Кашкарбаевым і салдатам Булатавым, у Казахстан перадалі яшчэ ў мінулым годзе. Сьцяг захоўваецца ў Ваенна-гістарычным музэі ўзброеных сілаў. Экскурсавод Алія Сарсенава распавядае, што менавіта ў гэтай экспазыцыі традыцыйна разгараюцца самыя жорсткія гістарычныя спрэчкі.

«Цікавасьць вельмі павышаная з боку турыстаў з Расеі. Яны вельмі зьдзіўленыя, што менавіта наш лейтэнант Ракымжан Кашкрабаеў разам з салдатам Рыгорам Булатавым 30 красавіка ўзьнялі сьцяг Перамогі над Райхстагам», — кажа Алія Сарсенава.

Але і ў самым Казахстане, як паказваюць апытаньні на вуліцах, пра невядомыя старонкі гісторыі самай кровапралітнай за гісторыю чалавецтва вайны ведаюць далёка ня ўсе. Унук героя Даурэн Кашкарбаеў упэўнены, што подзьвіг яго дзеда ацэніць толькі новае пакаленьне казахаў.

«Ён быў чалавек-сьвята, — распавядае ўнук. — Лідэрскія якасьці, гэта дапамагло яму, на самай справе, не завастраць сваю ўвагу на нейкай крыўдзе, на тым, што ў гады яго жыцьця гэты подзьвіг ня быў да канца прызнаны. Ён разумеў, заўсёды разумеў, што рана ці позна справядлівасьць адновіцца».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG