Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Статкевіч: рэжымы Сталіна і Гітлера былі падобныя і прывялі да мільённых ахвяр


Мікола Статкевіч

Рэжымы Сталіна і Гітлера былі падобныя, бо яны прывялі да мільённых ахвяр насельніцтва сваіх краін. Пра гэта заявіў апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч 8 траўня падчас ўскладаньня на Вайсковых могілках кветак савецкім салдатам, што загінулі пры вызваленьні Менску ў 1944 годзе, паведамляе БелаПАН.

Разам з тым, падкрэсьліў ён, «менавіта нацызм не пакідаў шанцаў на выжываньне нашаму народу». «Людзі, якія ваявалі, рабілі гэта не за Сталіна, не за камунізм, а за выжываньне народу. Ідэалёгія нацызму прадугледжвала, што ёсьць другасныя нацыі рабоў, якія трэба зьнішчаць», — сказаў палітык.

Статкевіч адзначыў, што вайна з боку СССР «вялася жудасна» і нагадаў пра 42 мільёны ахвяраў, дадзеныя аб якіх прыводзяцца апошнім часам.

Палітык таксама заявіў аб недапушчальнасьці «зьдзекаў і зьбіцьця», якія практыкуе ўлада падчас акцый апазыцыі апошнімі месяцамі.

У акцыі ўдзельнічалі каля 20 чалавек, у тым ліку вядомая актывістка Ніна Багінская, жонка Статкевіча Марына Адамовіч, а таксама іншыя грамадзянскія актывісты. За падзеямі назіралі некалькі супрацоўнікаў праваахоўных органаў у цывільным, вялася відэаздымка.

Штогод з 1992 году ўскладаньне кветак на Вайсковых могілках сталіцы праводзяць актывісты розных дэмакратычных арганізацый. Апошнімі гадамі арганізатарамі акцыі зьяўляюцца члены аргкамітэту па стварэньні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), які ўзначальвае Мікалай Статкевіч.

Увечары 8 траўня 1945 году быў падпісаны акт аб капітуляцыі Нямеччыны і яе узброеных сіл.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG