Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «самым дударскім рэгіёне» прайшоў міжнародны «Дударскі рэй»


Упершыню на Віцебшчыне адбылася незвычайная імпрэза: у Глыбокае на міжнародны дударскі фэст зьехаліся выканаўцы зь сямі краінаў. Натуральна, што Беларусь прадстаўляла найбольшая колькасьць музыкаў, але некаторыя госьці адолелі сотні кілямэтраў, каб прыехаць у Беларусь.

Дудары рушыць па Глыбокім
Дудары рушыць па Глыбокім

Прыкладам, дудары з Бэльгіі і Вялікай Брытаніі, якія ўразілі мясцовых жыхароў і незвычайнай музыкай, і характэрнымі строямі: прадстаўнікі Шатляндыі выйшлі на фэст у традыцыйных кілтах, не зважаючы на халаднаватае надвор’е...

Госьць з Бэльгіі на Глыбоччыне ўпершыню
Госьць з Бэльгіі на Глыбоччыне ўпершыню

Паводле арганізатара імпрэзы Віталя Воранава, фэст атрымаўся і міжнародны, і рэгіянальны. Бо дудары прадстаўлялі музычныя традыцыі не сваіх краінаў агулам, а дударскае мастацтва канкрэтных рэгіёнаў: зь Велікапольшчы прыехалі польскія музыкі, з Маравіі прыбылі чэскія госьці.

Арганізатар фэсту Віталь Воранаў
Арганізатар фэсту Віталь Воранаў

Віталь Воранаў — таксама дудар, апрача таго, што ён вядомы перакладчык, літаратар, выдавец, публіцыст, выкладчык ірляндзкай літаратуры ва ўнівэрсытэце горада Брно (Чэхія). Досьвед музыкі ў яго адносна невялікі, аднак ён шмат вывучаў эўрапейскія дударскія традыцыі, і перадусім — асаблівасьці, характэрныя для Беларусі. Спадар Воранаў — ураджэнец Глыбоччыны, і ён перакананы, што менавіта гэты рэгіён Віцебшчыны — «самы дударскі». Нават у трупе Ігната Буйніцкага, аднаго са найбольш знакамітых ураджэнцаў Глыбоччыны, заснавальніка беларускага тэатральнага мастацтва, быў свой дудар — Адам Шульга.

На Алеі славутых землякоў граюць музыкі з Польшчы
На Алеі славутых землякоў граюць музыкі з Польшчы

Паводле спадара Воранава, існуе эўрапейская дударская традыцыя ўганараваньня адмысловым чынам самых паважаных асобаў. З тае нагоды адным з мерапрыемстваў у праграме «Дударскага рэю» сталася граньне на Алеі славутых землякоў.

Дзьмітрый Дзёмін, дудар з Расеі, грае каля бюста свайго дзеда
Дзьмітрый Дзёмін, дудар з Расеі, грае каля бюста свайго дзеда

Традыцыйнае «Абыграньне» бюста Вацлава Ластоўскага
Традыцыйнае «Абыграньне» бюста Вацлава Ластоўскага

Праграма «Дударскага рэю» была вельмі насычанай. Музыкі наведалі магілу Ігната Буйніцкага ў вёсцы Празарокі Глыбоцкага раёну, вёску Мосар са знакамітым касьцёлам Сьвятой Ганны і маляўнічым прыкасьцёльным паркам.

У парку пры Мосарскім касьцёле
У парку пры Мосарскім касьцёле

Дудар з Чэхіі
Дудар з Чэхіі

Тут выканаўцы таксама прадэманстравалі сваё музычнае ўмельства і арыгінальныя інструмэнты. Прыкладам, сваю дуду музыка і майстар Дзяніс Сухі зрабіў уласнымі рукамі. Але, бадай, самая незвычайная імпрэза дударскага фэсту адбылася ў вёсцы Вудзела. Дудары ўзялі ўдзел у нядзельнай службе ў Касьцёле Беззаганага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі.

Рэпэтыцыя перад касьцёлам. На дудзе, якую ён зрабіў сам, грае беларускі музыка і майстар Дзяніс Сухі
Рэпэтыцыя перад касьцёлам. На дудзе, якую ён зрабіў сам, грае беларускі музыка і майстар Дзяніс Сухі

Паводле арганізатара «Дударскага рэю» Віталя Воранава, такая эўрапэйская традыцыя здаўна існавала ў Польшчы, Славаччыне, Нямеччыне — дуда вельмі часта выкарыстоўваўся ў касьцёлах, асабліва, калі там не было аргану. Гучаньне дуды досыць падобнае да гучаньня аргану, вельмі добра падыходзіць пад касьцёльную акустыку. А гучаньне абодвух інструмэнтаў разам увогуле стварае непаўторнае ўражаньне.

Музыкі па чарзе заходзяць у касьцёл
Музыкі па чарзе заходзяць у касьцёл

Дудар і арганіст разам выканалі гімн «Магутны Божа»
Дудар і арганіст разам выканалі гімн «Магутны Божа»

Камунія. Гучаць дуды
Камунія. Гучаць дуды

Фэст «Дударскі рэй» завяршыўся ў Глыбокім. Дудары разам зь мясцовымі самадзейнымі артыстамі ўрачыстым маршам прайшлі па галоўнай вуліцы райцэнтру.

Беларускія дудары
Беларускія дудары

Госьць з Шатляндыі
Госьць з Шатляндыі

Фінальным мерапрыемствам стаў гала-канцэрт на цэнтральнай плошчы. Гасьцей на добрай беларускай мове прывітаў старшыня райвыканкаму Алег Морхат. Ён гаварыў пра ўнёсак жыхароў Глыбоччыны ў разьвіцьцё ўсясьветнага мастацтва, пра слынных дзеячаў культуры, якія нарадзіліся на гэтай зямлі і выказаў спадзеў, што міжнародныя мастацкія імпрэзы адбудуцца ў Глыбокім яшчэ не аднойчы. Арганізатар фэсту Віталь Воранаў таксама спадзяецца, што дуда будзе гучаць ў гэтых мясьцінах і надалей, і што дударскі фэст тут — далёка не апошні.

Перад пачаткам гала-канцэрту з удзелам дудароў і мясцовых самадзейных выступоўцаў
Перад пачаткам гала-канцэрту з удзелам дудароў і мясцовых самадзейных выступоўцаў

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG