Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У банкаўскай сфэры Беларусі за год зафіксавана звыш 2.700 злачынстваў


У Беларусі ў 2016 годзе было зарэгістравана 2.729 злачынстваў у банкаўскай сфэры — на 3% больш, чым годам раней. Такія дадзеныя прыведзены ў падрыхтаваным Нацыянальным банкам аглядзе злачынстваў, учыненых на аб’ектах банкаўскай сыстэмы.

Найбольшая колькасьць злачынстваў у банкаўскай сфэры зарэгістравана ў Менску (1156), у Гомельскай вобласьці (372) і Берасьцейскай вобласьці (300). Найменшая колькасьць — у Гарадзенскай вобласьці (168), «Аналіз зарэгістраваных злачынстваў паказвае, што па-ранейшаму найбольш распаўсюджанымі зьяўляюцца крадзяжы шляхам выкарыстаньня кампутарнай тэхнікі», — цытуе БелаПАН агляд Нацбанку. За мінулы год колькасьць такіх злачынстваў склала 1057, альбо 38,7% ад агульнай колькасьці выяўленых правапарушэньняў. У параўнаньні з 2015 годам іх колькасьць зьнізілася на 9,1%.

На другім месцы — злачынствы, зьвязаныя са збытам фальшывых грошай і іншых каштоўных папер. У 2016 годзе было выяўлена амаль 900 такіх правапарушэнняў (на 9% больш у параўнаньні з 2015-м).

Пры гэтым колькасць проціпраўных дзеяньняў, зьвязаных з падробкай, вырабам, выкарыстаньнем альбо збытам падробленых дакумэнтаў, штампаў, пячатак, блянкаў у 2016 годзе скарацілася на 30,3% — да 201.

У той жа час колькасьць выпадкаў махлярства ў банкаўскай сфэры ў 2016 годзе павялічылася на 65,6% — было выяўлена 333 такія злачынствы.

Таксама істотна — на 40,3% — вырасла колькасьць фактаў выманьваньня у банках крэдытаў (94 выпадкі), калі кіраўнікі прадастаўлялі падробныя дакумэнты, што сьведчылі пра здавальняючы фінансавы стан суб’ектаў гаспадараньня.

Нацбанк таксама паведамляе, што выпадкі рабаўніцтва ці разбойных нападаў на аб’екты банкаўскай інфраструктуры зьяўляюцца адзінкавымі. Сур’ёзным выклікам для фінансавых устаноў зьяўляюцца онлайн-злачынствы, калі зламысьнікі спрабуюць завалодаць грашовымі сродкамі, выкарыстоўваючы аддалены доступ — кампутарную тэхніку і інтэрнэт.

XS
SM
MD
LG