Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эстоніі пачынаюцца найбуйнейшыя вучэньні «Вясновы шторм» з удзелам дзяржаваў-саюзьнікаў па NATO


У Эстоніі ў панядзелак пачынаюцца вайсковыя вучэньні «Вясновы шторм» з удзелам каля 9 тысяч вайскоўцаў Эстоніі, а таксама дзяржвааў-саюзьнікаў па NATO і партнэраў. Падобныя вучэньні праводзяцца ўжо ў 15 раз, але цяперашнія — самыя буйныя ў параўнаньні з папярэднімі манэўрамі.

У асноўным ваенныя гульні пройдуць на поўначы і паўночным усходзе краіны, а таксама і ў іншых месцах, паведамляе прэс-служба галоўнага штабу Сілаў абароны Эстоніі.

«Перш за ўсё, „Вясновы шторм“ — гэта іспыт на сталасьць для вайскоўцаў тэрміновай службы, якія пакажуць, чаму яны навучыліся. Гэта вучэньні ўзброеных сілаў Эстоніі, у якіх усё большы ўдзел прымаюць і хаўрусьнікі — сёлета больш за 2000 салдат, — сказаў камандуючы Сіламі абароны генэрал Рыха Тэрас. — Асабліва важна, што наша 1-я пяхотная брыгада зможа адпрацоўваць узаемадзеяньне з хаўрусьнікамі зь Вялікай Брытаніі, Францыі і Даніі».

У асноўным у «Вясновым шторме» задзейнічаныя пяхотныя часьці і падразьдзяленьні, але да вучэньняў будуць прыцягнутыя таксама ваенна-марскія і ваенна-паветраныя сілы.

У вучэньнях удзельнічае цяжкая баявая тэхніка Сілаў абароны Эстоніі, а таксама танкі M1A2 Abrams, Challenger 2 і Leclerc, баявыя машыны пяхоты Warrior, Bradley, VBCI саюзьнікаў па NATO.

Акрамя брытанцаў, французаў, датчан і амэрыканцаў, што базуюцца ў ваенным гарадку Тапа, у Эстонію адмыслова для ўдзелу ў вучэньнях прыбываюць салдаты і афіцэры з Канады, Нямеччыны, Нідэрляндаў, Польшчы, Фінляндыі, Швэцыі, Латвіі, Літвы, Украіны і Грузіі. З паветра іх падтрымліваюць авіяцыйныя сродкі з ЗША, Польшчы, Бэльгіі і Гішпаніі. Завершацца манэўры 25 траўня на Цэнтральным палігоне Сілаў абароны Эстоніі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG