Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтам Францыі абраны Эманюэль Макрон


У 20.00 паводле мясцовага часу ў Францыі зачыніліся выбарчыя ўчасткі, дзе адбывалася галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах.

Паводле першых папярэдніх вынікаў, у выніку другога туру галасаваньня наперадзе лідэр партыі «En marche!» праэўрапеец Эманюэль Макрон, які набірае больш за 65% галасоў. Ён перамагае сваю суперніцу — лідэрку крайне правай партыі «Нацыянальны фронт» Марын Лё Пэн.

39-гадовы Макрон стаў самым маладым прэзыдэнтам Францускай рэспублікі.

У другім туры выбараў яўка склала 75% — найніжэйшы паказьнік на прээзыдэнцкіх выбарах апошніх дзесяцігодзьдзяў.

Пасьля перамогі на выбарах Эманюэль Макрон зьвярнуўся да грамадзян Францыі з прамовай. Ён падкрэсьліў, што зьвяртаецца «да ўсіх французаў» і паабяцаў абараняць эўрапейскія каштоўнасьці.

«Я запэўніваю вас, што Францыя будзе выступаць за міжнароднае супрацоўніцтва, за бясьпеку, будзе змагацца супраць глябальных кліматычных зьменаў, супраць тэрарызму, за абноўленую будучыню.

Я буду змагацца за дасягненне абвешчаных намі мэтаў з усёй рашучасьцю, — запэўніў Макрон. — Я гатовы адказаць на галоўныя выклікі».

Марын Лё Пэн, не чакаючы абвяшчэньня фінальнага выніку, павіншавала Макрона зь перамогай і «ў інтарэсах краіны» пажадала яму посьпехаў. Пры гэтым яна заявіла, што французы выбіралі паміж патрыётсмі і глябалістамі.

Старшыня Рады Эўропы Дональд Туск павіншаваў Макрона зь перамогай, заявіўшы, што францускі народ «абраў свабоду, роўнасьць і братэрства, а не тыранію і хлусьню».

Эманюэля Макрона павіншавала зь перамогай прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй. «Францыя — адзін з найбліжэйшых нашых саюзьнікаў, і мы зь нецярпеньнем чакаем супрацоўніцтва з новым прэзыдэнтам па шырокім спэктры падзяляных намі прыярытэтаў», — гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка прэм’еркі.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у сваім Твітэры напісаў: «Віншаваньні Эманюэлю Макрону зь яго вялікай перамогай у якасьці наступнага прзыдэнта Францыі. Зь нецярпеньнем чакаю магчымасьці зь ім папрацаваць!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG