Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Юр’еўскі карагод» з Пагосту просіцца ў ЮНЭСКА


Карагод у Пагосьце

Cпрадвеку ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёну ладзілі ўнікальны веснавы абрад «Юр’еўскі карагод». Традыцыя захавалася да нашых дзён і прэтэндуе на статус помніка нематэрыяльных каштоўнасьцяў міжнароднага значэньня.

Калі надыходзіць 6 траўня, Юр’еў дзень, вёска Пагост — ад малога да вялікага, большым альбо меншым складам — выходзіць у поле на маладое жыта, каб «адамкнуць» зямельку, узяцца за рукі і ўславіць першую зеляніну і жыватворныя сілы прыроды. Відавочна, традыцыя зьвязаная з ушанаваньнем нашымі продкамі паганскага пэрсанажа Ярылы, які апекаваўся свойскай жывёлай, сялянскай нівай і якому падпарадкоўваліся нават дзікія жывёлы.

Кацярына Панчэня
Кацярына Панчэня

У «Юр’еўскага карагоду» ў Пагосьце (яго часам называюць «Юраўскім» альбо нават «Тураўскім») ёсьць асобы, на якіх гэты веснавы абрад трымаецца ўжо не адно дзесяцігодзьдзе. Найперш гэта Кацярына Панчэня, колішняя загадчыца мясцовага клюба і яго мастацкі кіраўнік, а цяпер75-гадовая пэнсіянэрка, любоўна празваная тутэйшым людам «дачкою Прыпяці» — за свой няпросты лёс, няўрымсьлівае і надзвычай песеннае сэрца.

«Я з маленства памятаю гэты абрад, усе песьні ведаю. Відаць, ад бацькі — ён быў гарманіст на ўсю акругу. І прызнаў мяне за сваю дачку, калі я стала добра сьпяваць. Мне гадоў ужо зь дзесяць было. Я ж нарадзілася 30 лістапада 1941 году, калі бацька быў на фронце. Яго забралі ў войска на пачатку году. Пакуль навабранцы стаялі ў Тураве, бацька й прыбягаў да маці на пабыўку», — расказвае сваю гісторыю Кацярына Аляксееўна.

Марына з дачкою Златай
Марына з дачкою Златай

Каля хаты Панчэні сабралася багата вяскоўцаў і сваякоў. Тут нявестка Натальля, унучка Марына, праўнучка Злата, некаторыя тутэйшыя і прыежджыя школьнікі, чые бацькі паходзяць з Пагосту. Яны плятуць з барвінка вяночкі, дапамагаюць старэйшым упрыгожваць хлеб-каравай, які тут называюць па-сьвяточнаму «карагодам». Сюды ж прыехалі і ўдзельнікі прэс-туру Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Падрыхтоўка да сьвята
Падрыхтоўка да сьвята

У кожнай абрадавай рэчы, што выкарыстоўваецца на Юр’е, ёсьць сваё прызначэньне. У каравай, напрыклад, уторкваюць тры галінкі заквітнелай яблыні ці грушы, якія маюць па тры плодныя парасткі з кветачкамі — усяго дзевяць, акурат столькі цягнецца цяжарнасьць у жанчыны, зрэшты, як і сьцельнасьць у каровы, вясковай карміцелькі.

Зялёны хвартух на граблях сымбалізуе цнатлівасьць дзяўчыны, граблі — працу. У поле вяскоўцы ідуць пад зялёным хвартухом, з поля — пад чырвоным, заручыўшыся такім чынам жыватворнай сілай сонца.

Аздабленьне хлеба-караваю
Аздабленьне хлеба-караваю

«Абрад наш пачынаецца, — распавядае Кацярына Панчэня, — з выпяканьня хлеба-каравая. Выпякаем напярэдадні супольна, а ў дзень Юр’я упрыгожваем яго трыма галінкамі плоднага дрэва, робім з кардону і стужак сонца, на граблі чапляем зялёны хвартух. А дзявятай гадзіне усе разам выпраўляюцца ў поле. Наперадзе дзяўчаткі нясуць ручнік з узьнятай сярэдзінай — „царскаю брамай“. За вёскай праз гэтую „царскую браму“, як бы ў храм прыроды, грамада выходзіць на зялёнае жыта, становіцца ў карагод. Акрайчык хлебца кладзем у зямлю з просьбаю да Бога даць добры ўраджай. Тут жа загадваем, каб Юр’я ўстаў рана, умыўся бела, надзеў сукні, боты, сядлаў каня і ехаў у поле адмыкаць зямліцу, выпускаць расіцу. Гэта каб Бог даваў жыта, пшаніцу на ўсяку пашніцу. Абрад наш зьвязаны з будучым ураджаем, хлебам, жывёлай. У гэты ж дзень выганялі вярбінкаю з рознымі замовамі кароў на пашу. І песьні Юр’ю сьпявалі».

Празь вёску
Празь вёску

Юр’я, устань рана,
Паяжджай у поле, адмыкай зямлiцу, выпускай расiцу!
Пусьцi расу на ўсю вясну
І густую, i частую, i цёплую, i мокрую,
І на ўвесь сьвет, на кожны цьвет!

Аддаўшы пашану зямельцы, абраднікі зноў-такі праз «царскія вароты» вяртаюцца назад у вёску. Ідуць зь песьнямі пад гармонік Мікалая Ляўкаўца, музыкі з суседняй вёскі Старажоўцы. Спыняюцца каля сядзібаў вяскоўцаў з пытаньнем: «Карагод вадзіць?»

Карагод каля сядзібаў
Карагод каля сядзібаў

І няма такога гаспадара, хто б адмовіўся, бо кожнаму карціць атрымаць музычна-тэатральнае зычаньне, мець у новым земляробчым сэзоне добры ўраджай у полі і агародзе, прыплод у хаце і ў хляве. І няхай цяпер ужо ня гоняць тых жа кароў на пашу, бо іх наўпрост у вёсцы няма, але добрае слова і песьня ўлагоджваюць душы вяскоўцаў любога веку. На знак падзякі гаспадары й гаспадыні, у сваю чаргу, выносяць абраднікам свае пачастункі — яйкі, пірагі, розныя іншыя хатнія прысмакі.

Радзі, Божа, жыта на новае лета,
Жыта ды пшаніцу на ўсякую пашніцу.
Чэша хлопец косы, а дзяўчына косу
Ой, венцы-венцы, зелёны бярвенцы!

Унікальны веснавы абрад «Юр’еўскі карагод» у вёсцы Пагост яшчэ ў 2005 годзе першым у Беларусі прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. У апошні час зьявілася ініцыятыва «Юр’еўскі карагод» (пад назваю «Тураўскі карагод») прадставіць у ЮНЭСКА на залічэньне яго ў шэраг помнікаў нематэрыяльных каштоўнасьцяў міжнароднага значэньня.

Грамадзкі экспэрт у пытаньнях захаваньня беларускіх нематэрыяльных каштоўнасьцяў Рэгіна Гамзовіч пацьвердзіла, што такая ініцыятыва была агучана ўпершыню Алай Сташневіч, начальніцай аддзелу па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытуту культуры Беларусі.

Рэгіна Гамзовіч
Рэгіна Гамзовіч

«Найперш гэта залежыць, — мяркуе спадарыня Гамзовіч, — ад вясковай супольнасьці Пагосту, ці здолеюць яны разам і надалей захоўваць традыцыю. Патрэбны таксама надзвычай якасны фільм, каб прадставіць камісіі ЮНЭСКА. Мусіць быць дастаткова асобаў, якія захоўваюць сьпеўныя і абрадавыя традыцыі, бо вёска старэе, дэмаграфічная сытуацыя мяняецца. І, канечне, мае быць добрая воля Міністэрства культуры і Саўміну, якія мусяць узяць на сябе комплекс абавязкаў па падтрымцы і захаваньні гэтай унікальнай абрадавай традыцыі на Палесьсі».

Алена Кулік, Кацярына Папчэня, Натальля Марозава — найлепшыя галасы на сьвяце
Алена Кулік, Кацярына Папчэня, Натальля Марозава — найлепшыя галасы на сьвяце

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG