Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве апазыцыя правяла шматтысячны «Марш свабоды»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дзясяткі тысяч палякаў выйшлі на вуліцы Варшавы 6 траўня на знак пратэсту супраць кіроўнай партыі «Права і справядлівасьць». Лідэры пратэсту заяўлялі, што старшыня кіроўнай палітычнай сілы Яраслаў Качыньскі ажыцьцяўляе напад на польскую дэмакратыю.

Пратэст быў арганізаваны апазыцыйнай партыяй «Грамадзянская плятформа», у акцыі прынялі ўдзел іншыя апазыцыйныя партыі і Камітэт абароны дэмакратыі.

Па розных падліках у «Маршы свабоды» прынялі ўдзел ад 15 да 90 тысяч чалавек.

Лідэры апазыцыі абвінавацілі ўлады ў «антыэўрапейскім курсе», парушэньні незалежнасьці Канстытуцыйнага суда, а таксама рэзка раскрытыкавалі шэраг ключавых рэформаў цяперашняга ўраду — у тым ліку рэформы адукацыі і сыстэмы мясцовага самакіраваньня.

«Калі ня будзе ўсеагульнай згоды, ня будзе волі народа, то мы нікому не дазволім зьмяніць Канстытуцыю!» — сказаў лідэр партыі «Грамадзянская плятформа» Гжэгаж Схетына, падкрэсьліўшы, што апазыцыя мае намер аб’яднацца і выйграць наступныя парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары.

У сваю чаргу лідэр кіроўнай у Польшчы партыі «Права і справядлівасьць» Яраслаў Качыньскі адказаў на крытыку, заявіўшы, што дэманстранты памыляюцца. Ён заявіў, што «свабода ў краіне існуе» ў ня меншым аб’ёме, чым у іншых дэмакратычных дзяржавах. «Толькі поўнае неразуменьне рэальнай сытуацыі можа прывесьці да высновы, што свабода сёньня ў Польшчы знаходзіцца пад пагрозай», — адзначыў Качыньскі.

Партыя «Права і справядлівасьць» змагла з 2015 году кансалідаваць уладу, атрымаўшы абсалютную большасьць у абедзьвюх палатах парлямэнту. Прэзыдэнтам Польшчы таксама стаў вылучэнец гэтай сілы.

Прадстаўнікі Эўразьвязу наракалі, што кансэрватыўны ўрад падарваў незалежнасьць судоў і сродкаў масавай інфармацыі Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG