Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўская міліцыя лічыць, што параўнаньне «недармаедаў» з нацыстамі —не зьневажае


Аляксандар Страх

Ужытае супрацоўнікам магілёўскага АМАПу Андрэем Барысенкам параўнаньне ўдзельнікаў несанкцыянавага «Марша недармаедаў» з нацыстамі Ўпраўленьне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму не разглядае як зьнявагу суграмадзянаў. Гэта вынікае з адказу на зварот сябраў Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Нагодай для звароту сталі словы супрацоўніка праваахоўных органаў на адміністрацыйным працэсе супраць удзельніка мітынгу нязгодных з Дэкрэтам № 3 Аляксандра Страха, які чытаў на ім свае вершы.

Абвінавачаны запытаўся ў міліцыянта: «Чаму было вырашана, што адбываецца мітынг, а не паэтычны вечар?» Бо, дадаў ён, «ува ўсім сьвеце прынята, каб на свабодных пляцоўках выступалі паэты».

«А ці чулі вы, як людзі апладзіравалі мне, пачуўшы мае вершы?» — запытаўся Аляксандар Страх у сьведкі-АМАПаўца.

«Я яшчэ чуў, што пасьля вашых прамоваў, як вы крычалі „Жыве Беларусь!“, а яны вам „Жыве, жыве“, як нацысты», — адказаў міліцыянт.

«А што, нельга так крычаць? Ці трэба крычаць „Не жыве Беларусь“?», — перапытаў абвінавачаны.

«Можна, але не ў такім тоне. Я бачыў...», — ня скончыўшы фразы, праваахоўнік змоўк. Што ён меў на ўвазе, не патлумачыў.

Журналісты палічылі, што супрацоўнік праваахоўных органаў сваімі выказваньнем параўнаў суграмадзянаў з нацыстамі і зьвярнуліся да абласнога міліцэйкага ведамства. У звароце прасілі даць прававую ацэнку выказваньню спадара Барысенкі, а таксама растлумачыць, ці адпавядае заява супрацоўніка праваахоўных органаў пазыцыі ведамства адносна людзей, якія выкарыстоўваюць падчас масавых мерапрыемстваў, незалежна санкцыянаваных ці несанкцыянаваных, заклік «Жыве Беларусь!» і адказ на яго «Жыве!».

Журналістам адказаў намесьнік начальніка Ўпраўленьня ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Рыжанкоў.

«У ходзе расьсьледваньня, — адзначыў ён, — было ўстаноўлена, што выраз выкарыстаны Барысенкам для таго, каб судзьдзя меў уяўленьне аб дзеяньнях Страха, а не для параўнаньня ўдзельнікаў масавага мерапрыемства з нацыстамі, што супярэчыць пазыцыі Органаў унутраных спраў».

У лісьце, падпісаным Рыжанковым, адсутнічае канкрэтны адказ на пастаўленыя перад міліцэйскім ведамствам пытаньні, лічаць журналісты. На іхную думку кіраўніцтва абласной міліцыі ўхілілася ад адказаў па-сутнасьці. «У дасланай стужцы з выказваньнем Барысенкі ён акцэнтуе ўвагу не на тым, што рабіў Страх на мітыгу, а на параўнаньні ўсіх удзельнікаў акцыі пратэсту з нацыстамі, — настойваюць журналісты.

Падпісанты звароту ў абласную міліцыю пакуль вырашаюць, ці дамагацца ад вышэйшага кіраўніцтва органаў унутраных спраў адказу па-сутнасьці, ці задаволіцца адказам Рыжанкова.

«Разам з тым, — мяркуюць журналісты, — ёсьць спадзеў, што ў наступныя разы сьведкі міліцыянты будуць больш абачлівымі ў аргумэнтацыі сваёй пазыцыі».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG