Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя забараніла актывістам «Справядлівага сьвету» распаўсюджваць партыйны бюлетэнь


Актывісты «Справядлівага сьвету» зьлева направа: Аляксандар Козін, Ігар Сарока, Анатоль Заўялаў

Магілёўская міліцыя папярэдзіла сяброў партыі «Справядлівы сьвет» пра недапушчальнасьць распаўсюду партыйнага бюлетэня «За справядлівы сьвет».

Пра гэта паведамілі партыйныя актывісты Ігар Сарока, Аляксандар Козін ды Анатоль Заўялаў, наведаўшы Ленінскі аддзел міліцыі. Там ім вярнулі 85 асобнікаў выданьня, якое забралі 1 траўня на экспэртызу, каб высьветліць, ці адпавядае зьмест патрабаваньням закону.

Партыйцаў затрымалі 1 траўня каля аблвыканкаму перад афіцыйнай цырымоніяй ускладаньня кветак да помніка Леніну. Адзін з іх трымаў у рукаў асобнік бюлетэня, на які зьвярнуў увагу міліцыянт. Ён загадаў завесьці актывістаў у пастарунак. Там на іх склалі пратаколы апытаньня і выпісалі позву на 5 траўня.

«Нам сказалі, што складу правапарушэньня ня выяўлена, паколькі мы не распаўсюджвалі на плошчы свае бюлетэні. Было заяўлена, што мы ня маем права друкаваць такую прадукцыю, бо ня маем ліцэнзіі, а таксама распаўсюджваць, бо ня маем дазволу на распаўсюд. Нас строга папярэдзілі: калі будзе яшчэ падобны выпадак, то будуць прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці», — сказаў Аляксандар Козін.

«Абстаноўка ў грамадзтве напружаная, таму яны вымушаныя дзьмуць на ваду. Крамолы ў бюлетэні ня выяўлена. У выданьні альтэрнатыўны пункт гледжаньня на тое, што адбываецца ў краіне. Мы ж апазыцыйная партыя», — дапоўніў аднапартыйца Ігар Сарока.

Анатоль Заўялаў адзначыў, што ў дзеяньнях міліцыі быў элемэнт запалохваньня. Актывіст паведаміў, што гарадзкая і абласная партыйныя структуры зьвернуцца па кансультацыю ў цэнтральны камітэт партыі.

XS
SM
MD
LG