Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё, грохнулі Суворава». Фэйсбук заблякаваў кобрынскага прыхільніка «русского мира»


Пасьля ўчорашняй публікацыі на Свабодзе старонка Кобрынскага ваенна-гістарычнага музэя імя Суворава ў Фэйсбуку недаступная для наведваньня.

На гэтай старонцы разьмяшчаліся тэксты спрэчнага зьместу, у якіх зьневажаліся «сьвядомыя» на чале зь Зянонам Пазьняком, перадрукоўваліся шавіністычныя тэксты чарнасоценных аўтараў — найперш, са скандальнага прарасейскага «Імхо-клюбу».

Таксама ўхвалялася расейская анэксія Крыму і «вызвольная місія» Масквы на Данбасе.

Апошняя публікацыя тычылася сьвяткаваньня «100-годзьдзя Вялікага Кастрычніка»: афіша, аздобленая піянэрскім і камсамольскім значкамі, знакам якасьці, гербам СССР і контурам «савецкай імпэрыі», запрашала на музэйную ноч пад назвай «Мой адрас — Савецкі Саюз».

У немалой ступені да блякаваньня інтэрнэт-старонкі спрычыніліся карыстальнікі, абураныя зьместам няпрофільных публікацый. У прыватнасьці, аўтарытэтны фінансавы аналітык Вадзім Іосуб, які пасьля ліставаньня з адміністрацыяй Фэйсбуку атрымаў ліст наступнага зьместу:

«Дзякуем за ваша паведамленьне. Вы правільна зрабілі, што паведамілі нам пра гэты факт. Прагледзеўшы профілі, на якія вы паскардзіліся, мы вырашылі зьвязацца з уладальнікам акаўнта наўпрост — калі мы лічым, што профіль можа быць фальшывы ці прадстаўляць іншага чалавека, просім уладальнікаў пацьвердзіць сваю асобу. Калі профіль нейкім чынам парушае нормы супольнасьці Facebook, мы выдаляем яго».

«Усё, грохнулі Суворава — цяжка ў вучэньні, лёгка ў баі!», — падсумаваў вынік калектыўных высілкаў спадар Іосуб. На гэты момант старонка музэю Суворава сапраўды заблякаваная.

Як высьветлілася, свае палітычныя погляды ад імя суполкі выказваў адзін з супрацоўнікаў, адказны за сацыяльныя сеткі. Гэта пацьвердзілі ў адміністрацыі музэйнай установы. Дырэктарка Алена Бабенка паабяцала разабрацца з занадта ініцыятыўным работнікам. «Відаць, гэта яго прыватная пазыцыя», — сказала яна.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG