Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ня спыніцца «справа патрыётаў», на сэсіі АБСЭ ў Менску дэмсілы агучаць спэцыяльную рэзалюцыю


Ілюстрацыйнае фота. Сустрэча Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімера Андрэйчанкі са Старшынёй Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Крысьцін Мутанэн. Менск, 15 сакавіка 2017 году

Прадстаўнікі Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі бясьпекі супрацоўніцтва ў Эўропе (ПА АБСЭ) на чале з намесьнікам генэральнага сакратара арганізацыі Густавам Паярэсам ужо трэці дзень знаходзяцца ў Менску. Эўрачыноўнікі правяраюць, як Беларусь рыхтуецца да правядзеньня штогадовай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі, якая ўпершыню ў гісторыі гэтай арганізацыі пройдзе ў Менску 5-9 ліпеня.

Адметнасьцю гэтай сэсіі можа стаць вынясеньне на ейныя дыскусійныя пляцоўкі спэцыяльнага абмеркаваньня сытуацыі ва Ўкраіне. Намер ініцыяваць такія сустрэчы ўжо агучыў намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук.

Свае ініцыятывы мае і беларуская апазыцыя. Старшыня аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кажа, што арганізацыйную працу ўзяла на сябе кааліцыя дэмакратычных сілаў:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Мы нэгатыўна ставімся да самога факту правядзеньня сэсіі ў Менску. На наш погляд, гэта пасьпешлівае рашэньне. Але паколькі ўсе працэдуры правядзеньня гэтага форуму ўжо запушчаныя і адмяніць яго пакуль не выглядае магчымым, мы таксама пачалі рыхтавацца да гэтай падзеі. Нам вельмі важна скарыстаць тыя пляцоўкі, якія традыцыйна разгортваюцца на такіх сэсіях.

Мы хочам, каб беларускае пытаньне было на парадку дня і каб яно прагучала якраз у Менску. Нельга, каб форум ператварыўся ў бясконцыя экскурсіі на БелАЗ, у Нясьвіж ды іншыя так званыя знакавыя месцы, як таго хочуць беларускія ўлады.

Кааліцыя лічыць: калі да пачатку сэсіі ня будзе закрытая „справа патрыётаў“, калі па-ранейшаму будуць працягвацца брутальныя затрыманьні і пасадкі апанэнтаў улады, як, напрыклад, арышт на 15 сутак за акцыю, якой насамрэч не было, то дэлегаты форуму мусяць мець праект спэцыяльнай рэзалюцыі аб сытуацыі ў Беларусі. Прыняцьце такога дакумэнту менавіта тут, у Менску, было б вельмі правільнай рэччу. Таму мы ўжо цяпер вядзём перамовы з удзельнікамі форуму з самых розных краінаў, якія добра ведаюць сытуацыю ў Беларусі і гатовыя ініцыяваць разгляд такой рэзалюцыі. Пра гэта трэба абавязкова гаварыць на Парлямэнцкай асамблеі», — адзначае лідэр АГП.

Другое, на што хочуць акцэнтаваць увагу прадстаўнікі дэмсілаў, — стандарты правядзеньня выбараў у Беларусі.

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

«У структуру АБСЭ ўваходзіць самая аўтарытэтная ў сьвеце арганізацыя ў справе правядзеньня выбараў — Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) — гаворыць дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая. — Пасьля правядзеньня парлямэнцкай кампаніі БДІПЧ выказала шмат пажаданьняў наконт зьменаў Выбарчага кодэксу Беларусі. На гэта ўлады публічна і неаднаразова абяцалі ўнесьці пэўныя папраўкі, дапаўненьні, выключыць некаторыя палажэньні. Дзеля гэтага пры Цэнтарвыбаркаме стварылі спэцыяльную міжведамасную групу. Але нават я, дэпутатка парлямэнту, не магу дагэтуль пабачыць, што канкрэтна плянуюць зьмяніць. Спадарыня Ярмошына запэўнівала мяне, што перадасьць мне гэты дакумэнт, але яна пайшла ў адпачынак, так і ня выканаўшы абяцаньне. Дзесьці я бачыла, што, паводле Лідзіі Ярмошынай, міжведамасная група ўлічыла каля паловы рэкамэндацыяў БДІПЧ АБСЭ. Але ж, на мой погляд, тут справа найперш ня ў колькасьці, а ў „вазе“ той ці іншай папраўкі. Адна рэч, калі зьмяненьне істотнае і прынцыповае, і зусім іншая, калі толькі касмэтычнае», — кажа Ганна Канапацкая.

Дэпутатка паведаміла, што на 25 траўня ў Менску заплянаваны круглы стол аб выбарчым заканадаўстве. Сярод ягоных удзельнікаў могуць быць і парлямэнтары зь некалькіх краінаў — удзельнікі ліпеньскай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі:

«Мы плянуем правесьці шырокую дыскусію зь удзелам апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці, улады, міжнародных арганізацыяў. Такая сустрэча стане адным з крокаў на шляху прасоўваньня ў парадак дня веснавой сэсіі Палаты прадстаўнікоў паправак, зьменаў і дапаўненьняў у Выбарчы кодэкс», — удакладніла палітык.

У кааліцыю дэмакратычных сілаў, акрамя АГП, увайшлі прадстаўнікі таксама афіцыйна зарэгістраваных партыяў «Зялёныя» і «Справядлівы сьвет», аргкамітэтаў у справе стварэньня партыяў БХД, свабоды і прагрэсу, жаночай партыі «Надзея», руху «За свабоду».

У ліпеньскай сэсіі ПА АБСЭ чакаецца ўдзел каля 700 чалавек, прыкладна палова зь іх — дэпутаты Асамблеі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG