Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторык Мельнікаў прадставіць «Адысэю палешука» 11 траўня


Беларускі гісторык Ігар Мельнікаў прэзэнтуе 11 траўня а 19-й гадзіне ў менскай Галерэі Tut.by (пр-т Дзяржынскага, 57) кнігу ўспамінаў беларускага жаўнера Другога польскага корпусу Паўла Нічыпарука «Адысэя палешука», на якую раней пасьпяхова сабралі грошы праз інтэрнэт.

Падчас прэзэнтацыі Мельнікаў, які выступіў рэдактарам успамінаў Нічыпарука, абяцае расказаць, як рыхтавалі выданьне да друку, а таксама пазнаёміць гасьцей зь цікавымі фактамі, сабранымі падчас працы над гэтай ды іншымі ягонымі кнігамі пра ваенную гісторыю Беларусі. На прэзэнтацыі кнігу атрымаюць тыя, хто фундаваў яе выданьне; таксама яе змогуць набыць і іншыя зацікаўленыя. Уваход вольны.

«Адысэя палешука». Мэмуары беларускага андэрсаўца

Лёс Нічыпарука, як кажа Мельнікаў, тыповы для шматлікіх беларускіх «андэрсаўцаў». Шмат жаўнераў пасьля вайны вярнуліся ў БССР. У 1951 годзе савецкія ўлады дэпартавалі гэтых людзей у Іркуцкую вобласьць. Іншыя вырашалі застацца «на Захадзе». Пра гераізм беларускіх жаўнераў Другога польскага корпусу, якія мужна змагаліся супраць гітлераўскіх войскаў на Заходнім фронце, у Беларусі на доўгі час забыліся. І толькі цяпер, калі тых вэтэранаў Другой усясьветнай ужо няма з намі, праўда пра іх жыцьцё і выпрабаваньні, празь якія яны прайшлі, становіцца здабыткам беларускай грамадзкасьці, кажа гісторык.

«Падчас выставы ў Берасьці да мяне падышлі людзі, якія былі знаёмыя са сваякамі Нічыпарука, і сказалі, што ёсьць успаміны цікавага андэрсаўца і што яны ня ведаюць, што зь імі рабіць, — распавядаў Свабодзе Мельнікаў. — Я спачатку думаў, што гэта будзе выпадковы матэрыял, які проста ператворыцца ў артыкул. Пазьней, калі пачаў паглыбляцца, калі даведаўся, што з гэтым матэрыялам знаёміўся славуты беларускі пісьменьнік-франтавік Васіль Быкаў і назваў яго вартым увагі і выданьня, для мяне стала справай гонару давесьці гэты матэрыял да друку».

Нядаўна Мельнікаў прэзэнтаваў іншую кнігу пра беларусаў у польскім войску ў часе Другой усясьветнай вайны: у «Забытых героях» сабраныя гісторыі звычайных беларускіх жаўнераў польскага войска, якія бралі ўдзел у бітве пад Монтэ-Касына ў Італіі і апэрацыі «Маркет-Гардэн» у Нідэрляндах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG