Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 1 траўня Нацыянальны банк спыніў дзеяньне патрабаваньня, якое абавязвала фізычных асобаў падаваць дакумэнты аб заробку для атрыманьня крэдыту. Ці стане цяпер грамадзянам прасьцей атрымліваць крэдыты ў банках? Ці павялічыць гэты крок колькасьць праблемных крэдытаў? Якая сытуацыя ў цэлым у банкаўскай сфэры і ці варта чакаць банкруцтваў некаторых беларускіх банкаў? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць прафэсар Барыс Жаліба і старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: З 1 траўня Нацбанк спыніў дзеяньне патрабаваньня, якое абавязвала фізычных асобаў падаваць дакумэнты аб заробку для атрыманьня крэдыту. З 1 мая 2017 г. банкі самастойна будуць вызначаць падыходы да ацэнкі крэдытаздольнасьці фізычных асобаў, у тым ліку пры вызначэньні пераліку спадарожных дакумэнтаў, якія падаюцца заяўнікам. Ці сапраўды цяпер грамадзянам будзе лягчэй атрымаць крэдыт?

Іосуб: Рашэньне цалкам разумнае. Але яно ня тычыцца большасьці патэнцыйных пазычальнікаў. Яно не адмяняе даведкі аб даходах, адмяняецца абавязковасьць гэтага патрабаваньня. І банкі ўжо самі вырашаюць сваімі лякальнымі нарматыўнымі актамі, якія дакумэнты патрабаваць.

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

Калі чалавек працуе па найме, і гэта ёсьць асноўнай крыніцай ягонага даходу, то ад такіх людзей банкі па-ранейшаму будуць патрабаваць даведкі аб заробку. А каго ж тычыцца новае правіла? Напрыклад, чалавек працуе фрылансэрам, распрацоўвае сайты, піша праграмы. Даведку пра заробак яму падаць праблематычна. Але ў яго ёсьць рахунак у банку і там ёсьць прыход грошай. Ці, напрыклад, чалавек атрымлівае працэнты ад дэпазыту ў банку. Калі дэпазыт неадклікальны, зьняць гэтыя грошы чалавек ня можа, але хоча ўзяць крэдыт. Я думаю, вось на такія катэгорыі патэнцыйных крэдытораў і накіраванае гэта рашэньне — у каго ёсьць грошы, акрамя заробку.

Цыганкоў: А ці не стане ў выніку гэтага рашэньня больш так званых рызыкоўных крэдытаў?

Іосуб: З гэтага рашэньня Нацбанку ніяк не вынікае рост рызык для канкрэтных банкаў. Усё залежыць ад таго, як спрацуюць самі банкі, іх крэдытныя аддзелы, іхны рызыка-мэнэджмэнт. Тэарэтычна нехта можа пагнацца за нарошчваньнем актываў і павялічыць у тым ліку і кепскія актывы. То бок гэта пытаньне да канкрэтных банкаў.

Цыганкоў: А якая стратэгічная задача дасягаецца гэтым рашэньнем? Каб банкі маглі прасьцей выдаваць крэдыты? А таксама каб людзі, якія цяпер ня маюць грошай, маглі лягчэй пазычыць грошы ў банкаў?

Жаліба: Так, цяпер больш свабоды для банкаў, але і больш адказнасьці. Сёньня доля праблемных крэдытаў у партфэлях банкаў вельмі высокая, яна дасягала 15 працэнтаў летась, цяпер яна стала 13,7 — у той час, калі міжнародная норма — ня больш за 5 працэнтаў. І праблемных крэдытаў больш сярод фізычных асобаў.

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

Але зь іншага боку — вынікі крызісу прыводзяць да таго. што не хапае добрых крэдытаатрымальнікаў. І сярод фізічных асобаў, і сярод прадпрыемстваў. Банкам трэба зарабляць — а як вядома, менавіта крэдыты сярод банкаўскіх апэрацыяў даюць найвялікшыя даходы.

Ліквіднасьць банкаўскай сыстэмы на сёньня дастатковая, у банкаў ёсьць грошы. Але праблема якраз у тым, каму даць крэдыт. У юрыдычных асобаў фінансавы стан вельмі кепскі, і банкам далі больш свабоды.

У нас былі і ёсьць так званыя мікрафінансавыя арганізацыі, якія крэдытавалі фізычных асобаў пад рабаўніцкія працэнты. Цяпер Нацбанк тут навёў парадак, яны могуць крэдытаваць толькі юрыдычных асобаў, але я па-ранейшаму бачу аб’явы ў пад’езьдзе пра крэдыты пад нейкія дзікія працэнты. Калі чалавеку будзе прасьцей афіцыйна атрымаць крэдыт у банку, то ў яго ня будзе спакусы зьвяртацца да такіх паўлегальных структураў.

Цыганкоў: Банкі цяпер павінны ўжо самі шукаць тых грамадзянаў, якія могуць узяць крэдыт?

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Іосуб: Гэта ня тое пытаньне, дзе банкам трэба асабліва актыўнічаць. У рознай эканамічнай сытуацыі банкі мусяць сабе паводзіць па-рознаму. Адна справа, калі эканоміка расьце, разьвіваюцца прадпрыемствы, у насельніцтва растуць заробкі. У такой сытуацыі натуральна павялічваць крэдытаваньне, шукаць новых атрымальнікаў крэдытаў.

Але калі ў эканоміцы шматгадовы спад, калі два гады зьніжаюцца рэальныя даходы насельніцтва, банкі аб’ектыўна вымушаныя зьніжаць сваю крэдытную актыўнасьць, бо проста няма столькі надзейных атрымальнікаў крэдыту. У такой сытуацыі імкненьне нарошчваць партфэль крэдытаў — гэта шлях да павялічэньня менавіта кепскіх крэдытаў, тых, якія з часам абавязкова стануць праблемнымі. Да пачатку эканамічнага росту наўрад ці варта гнацца за «валам», гэта будзе азначаць рост рызык.

Цыганкоў: Што можна ўвогуле сказаць пра цяперашні стан банкаўскай сыстэмы Беларусі? Ці можна чакаць банкруцтваў некаторых банкаў, ці дапусьціць гэта кіраўніцтва дзяржавы?

Жаліба: Як я ўжо казаў, праблемныя крэдыты ўжо складаюць лічбу, якая нашмат перавышае міжнародныя стандарты. Гэта ахілесава пята нашай банкаўскай сыстэмы, і на гэта зьвяртаў увагу МВФ падчас апошніх перамоваў.

Я лічу, што фінансавы стан нашых юрыдычных асобаў такі, што банкі ня хочуць рызыкаваць і даваць ім крэдыты. Нейкую надзею банкі ўскладаюць якраз на насельніцтва, бо ў нас ёсьць нябедныя людзі. Прадстаўнікі Нацбанку ня раз заяўлялі, што разьбяруцца з гэтай павышанай лічбай праблемных крэдытаў.

Наколькі я ведаю, ва Ўкраіне ў банкаўскай сыстэме стан нашмат горшы. Чуў, што там у некаторых банкаў колькасьць гэтых праблемных крэдытаў дасягнула 50 працэнтаў — і нічога, неяк існуюць.

Будзем спадзявацца на лепшае. Галоўнае для банкаў — зарабляць прыбытак, а апошнія два гады прыбыткі беларускіх банкаў рэзка зьніжаюцца.

Іосуб: Сытуацыю ў банкаўскай сфэры нельга разглядаць у адрыве ад агульнай сытуацыі ў эканоміцы. Большая частка праблемных актываў банкаў зьвязаная з тымі крэдытамі, якія раней выдаваліся на дырэктыўнай аснове. Калі ад улады паступалі прапановы крэдытаваць прадпрыемствы, ад гэтых прапаноў банкі не маглі адмовіцца.

Калі банкі будуць самі вырашаць, каго крэдытаваць, а каго не, то нават толькі за кошт гэтага сытуацыя ў банкаўскай сыстэме будзе паляпшацца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG