Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лісты як спосаб дапамагчы зьняволенаму


Яўгенія і Андрэй Стрыжакі адразу пасьля вызваленьня Андрэя з "сутак" Фота Леаніда Судаленкі

Гомельскі журналіст Яўген Меркіс адзначыў добрыя ўмовы, у якіх ён быў у ізалятары часовага ўтрыманьня ў Гомлі.

Яўген Меркіс быў затрыманы 30 красавіка.

«Лічу, што ў гэтым ёсьць асобная заслуга ўсіх тых гомельскіх грамадзкіх актывістаў і актывістак, што прайшлі празь зьняволеньне і скіроўвалі свае скаргі на невыкананьне супрацоўнікамі ізалятара сваіх прамых абавязкаў або іх элемэнтарнае няведаньне», — напісаў Яўген Меркіс у сваім блогу.

Яўген Меркіс
Яўген Меркіс

Сярод тых, каму Яўген Меркіс падзякаваў пэрсанальна, — гомельскія грамадзкія актывісты жонка і муж СтрыжакіЯўгенія і Андрэй. Яўгенія Стрыжак клапацілася пра свайго мужа Андрэя Стрыжака, пакуль той адбываў дзесяць сутак адміністратыўнага арышту ў тым самым гомельскім ізалятары часовага атрыманьня, што і Яўген Меркіс.

Яўгенія Стрыжак дзеліцца са Свабодай уласным досьведам, як дапамагчы арыштаваным перабыць час за кратамі згодна з устаноўленымі правіламі:

«Першае, што я зрабіла, — я азнаёмілася з правіламі ўтрыманьня. Іх зацьвярджае МУС. Там падрабязна расьпісана, што можна перадаваць у камэру, на што мае права зьняволены, на якіх падставах табе могуць адмовіць. І па кожным пункце я вырашыла давесьці справу да канца».

Лісты начальніку ізалятара

«Максім Філіповіч (гомельскі блогер, які сёлета адбыў 30 сутак адміністратыўнага арышту за сваю публічную дзейнасьць на акцыях „недармаедаў“. — РС), расказаў мне, што калі ён трымаў галадоўку, яму ў камэру не перадавалі ваду. І яму давялося галадоўку спыніць.

А вада з-пад крана, па-першае, нядобрай якасьці. Па-другое, сам кран з вадой — у антысанітарных умовах. Я лічу, што адмова ў перадачы вады прыроўніваецца да катаваньняў.

Я вырашыла, што гэта будзе задача нумар адзін — дамагчыся, каб Андрэю ў камэру перадалі ваду (Андрэй Стрыжак у ізалятары абвясьціў галадоўку. — РС). Таму, калі ў мяне адразу адмовіліся прыняць перадачу, я прынесла ліст на імя начальніка (ізалятара часовага ўтрыманьня. — РС), у якім працытавала правілы, зацьверджаныя МУС. І спыталася, ці перадаюць майму мужу ваду і наагул перадачы на падставе такіх і такіх правілаў. Перадала празь дзяжурнага, што маўчаць ня буду, калі правілы будуць парушацца».

Інфармацыя для начальніка ў лістах да зьняволенага

«Наконт вады я таксама даслала ліст Андрэю з указаньнем адпаведных пунктаў правілаў МУС. А міліцыянты лісты чытаюць. Гэта таксама спосаб данесьці сваю інфармацыю да кіраўніцтва ізалятара.

Такі спосаб працуе, каб усе ўдзельнікі ланцужка даведаліся, якія правы ёсьць у тых, хто адбывае адміністратыўны арышт.

У выніку я даведалася, што вада ў Андрэя ёсьць».

Лісты — глыток сьвежага паветра для зьняволенага

«Здаецца, гэта дробязь — паштоўка. Насамрэч чалавек, які знаходзіцца ў ізаляцыі, ужо вельмі моцна пакутуе. Зьняволеньне — само па сабе вялікае пакараньне. Калі чалавека пазбаўляюць камунікацыі зь сям’ёй і знаёмымі, па міжнародных стандартах гэта прыроўніваецца да катаваньняў — „утрыманьне ў нечалавечых умовах“.

Усім раю абавязкова перадаваць у камэру лісты.

Нельга перадаваць лісты, напісаныя неразборлівым почыркам, якія ўтрымліваюць абразы, лаянку або заклікі да супрацьпраўных дзеяньняў.

Я паўтарыла той самы прыём, што і з вадой. Скіравала ліст да начальніка з пазначэньнем адпаведных пунктаў правілаў, і ліст да Андрэя, дзе прадублявала тыя самыя пункты.

У выніку Андрэю перадалі палову лістоў. А астатнія ён атрымаў па вызваленьні. Да прыкладу, Максіму Філіповічу амаль усе лісты аддалі, толькі калі ён вызваляўся».

Андрэй Стрыжак: — «Першаму ж міліцыянту, зь якім я камунікаваў, я заявіў, што буду праводзіць у ізалятары маніторынг умоваў затрыманьня.

Мне на маё патрабаваньне выдзелілі асобную камэру, санітарна-гігіенічныя прылады: бялізну, мыла, дазволілі трымаць у камэры станок для галеньня, хоць маглі на свой одум і не дазваляць. Кожны дзень выдзялялі прагулачны дворык, у якім я быў адзін.

Начальнік усё пытаўся — хто ж мяне ўпаўнаважыў на маніторынг? На што я казаў, што я, як кожны грамадзянін Беларусі, маю права ведаць, на што трацяцца падаткі і як сябе паводзяць службоўцы ў дзяржаўнай установе, якая існуе на грошы грамадзян».

XS
SM
MD
LG