Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кароткае і часам падманнае наша беларускае лета: чакаеш яго, чакаш, а яно прамільгне хутка і неяк незаўважна. І добра, калі надвор’е летам па-сапраўднаму цёплае і задавальняе нас. А колькі разоў лета падманвае дажджамі і холадам, пахмурным небам!

Асабліва чакаюць лета нашы дарагія жанчыны, каб апрануць прыгожыя летнія строі і абутак. Але менавіта летам у многіх жанчын псуецца настрой праз так званую флебапатыю ніжніх канцовін, якая не дазваляе ні абутак насіць на высокім абцасе, ні ногі агаліць. Што гэта за стан такі?

У сьпякотны летні час некаторыя жанчыны адчуваюць цяжкасьць у ступаках, яны ацякаюць. Гэта замінае падбіраць абутак, у нагах зьяўляецца адчуваньне мурашак. Такія сымптомы могуць быць і ў халодны час году, але пры доўгім стаяньні на нагах. А вось летам яны ўзьнікаюць штодзень бліжэй да вечара. І вось што цікава — калі жанчыну пачаць абсьледаваць пры дапамозе сучасных мэтадаў ультрагукавой дыягностыкі, то паталягічных зьменаў з боку венознай сыстэмы ніжніх канцовін не назіраецца.

У летні час часта даводзіцца назіраць флебапатыю вандрўніка, калі мы куды-небудзь едзем ці ляцім і вымушаны доўгі час трымаць ногі ў адной позе. Калі зьяўляюцца апісаныя намі сымптомы, то трэба карыстацца кампрэсійным трыкатажам, які можна набыць у любой аптэцы, а таксама рабіць любую магчымую ва ўмовах вандроўкі гімнастыку для ног, хаця б некалькі разоў прайсьціся па вагоне ці салёне самалёта.

Флебапатыя ніжніх канцовін часта назіраецца ў людзей з павышанай вагой цела, прычым менавіта ў летні час ацёчны сындром ніжніх канцовін становіцца больш выразным. У такім выпадку мэтазгодна карыстацца кампрэсійным трыкатажам і, канешне, трэба пахудзець.

І ў летні, і ў зімовы час даводзіцца сустракацца з так званай ортастатычнай флебапатыяй, калі ацёкі ног фармуюцца пры доўгім стаяньні. Для прафіляктыкі трэба рабіць практыкаваньні, якія дазволяць мышцам ног больш актыўна скарачацца і такім чынам уплываць на скарачэньне венознай сьценкі, што дазволіць больш актыўна падымаць кроў ад ступакоў і галёнак. Самае простае практыкаваньне такое. Трэба сесьці, нагу паставіць на насок і потым рабіць хуткія рухі ўздыму-апусканьня нагі, як бы трэсьці ёй. Такога кшталту рухі можна часта ўбачыць у студэнтаў ці школьнікаў, якія засяроджаны на вырашэньні якой-небудзь задачы і падсьвядома «трасуць нагой», што мае вялікі біялягічны сэнс — актывізацыя скарачэньня цягліцаў выштурхоўвае кроў зь ніжніх аддзелаў канцовін.

У практыцы мы сустракаем таксама гарманальную флебапатыю, якая ўзьнікае пад уплывам замяшчальнай гарманальнай тэрапіі ці калі жанчына карыстаецца гарманальнымі супрацьзачаткавымі сродкамі. У такім выпадку трэба зьвярнуцца да лекара для вырашэньня пытаньня аб мэтазгоднасьці працягу лячэньня.

Звычайна пацыенткі з флебапатыяй пасьпяхова самастойна вырашаюць свае складанасьці пры дапамозе апісаных прафіляктычных парад. Але калі яны не спрацоўваюць, трэба зьвяртацца да лекара, бо ў сучаснай флебалёгіі есьць вялікая колькасьць лекаў і мэтадаў, якія дапамогуць захаваць прыгажосьць жаночых ног.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG