Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У меркаванай сетцы пэдафілаў у Пецярбурзе — заслужаны настаўнік Расеі


У Санкт-Пецярбургу суд арыштаваў пяцярых падазраваных у пэдафіліі. Сярод фігурантаў справы — трое пэдагогаў, у тым ліку заслужаны настаўнік Расеі. Яшчэ двое — выпускнікі дзіцячых дамоў, якія сталі арганізатарамі сацыяльнай гасьцініцы для дзяцей-сірот «Мечта». Расьсьледаваньне пачалося пасьля паказу на конкурсе студэнцкага фільму. Пацярпелыя сьцьвярджаюць, што выхавальнікі ня толькі гвалтавалі іх, але і змушалі здымацца ў порна.

Паводле вэрсіі сьледзтва, ад 2005 да 2010 году ў адным зь дзіцячых дамоў Кіраўскага раёну Пецярбургу група людзей сыстэматычна чыніла гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару ў дачыненьні да чатырох выхаванцаў 1991 — 1995 гадоў нараджэньня.

Гісторыя пачалася зь фільму, практычна выпадкова зьнятага студэнткай Кацярынай Сабалеўскай. Яна рыхтавала працу на гарадзкі конкурс па правах чалавека, і зьняла 35-хвілінны фільм «Мая гісторыя». Сюжэт будаваўся вакол аповеду былога выпускніка дзіцячага дому пра тое, як яго гвалтаваў работнік гэтай установы. Ён таксама ўспомніў пра многія іншыя выпадкі зьдзеку над дзецьмі: як з боку пэрсаналу, так і з боку старшаклясьнікаў, якія гвалтавалі малалетніх.

Фільм выйграў студэнцкі конкурс «Правы чалавека — 2016», а пецярбургскі амбудсмэн Аляксандар Шышлаў прыцягнуў да расьсьледаваньня гэтай справы пракуратуру Санкт Пецярбургу.

Карэспандэнт «Настоящего времени» Юры Баранюк сустрэўся з героем фільму, былым выхаванцам інтэрнату Якавам Яблачнікам у Пецярбургу. Цяпер Якаву 25 гадоў.

— Вы сталі ахвярай сэксуальнага гвалту ў дзіцячым доме. Калі гэта адбылося?

— 12 гадоў таму, у 2005 годзе.

— Хто быў гвалтаўнік?

— Выпускнік дзіцячага дому, куратар сацыяльнай гасьцініцы «Мечта» Пакалюк Кірыл Уладзіміравіч (адзін са зьмешчаных пад варту фігурантаў крымінальнай справы). Цяпер яму 42 гады.

— На лаве падсудных афіцыйна пяць чалавек.

— Іх будзе яшчэ больш.

— Тыя пяцёра, якіх вы ведаеце, яны ўсе датычныя да гэтых злачынстваў?

— Я даваў паказаньні толькі супраць траіх, зь іх двое цяпер пад арыштам.

— Вы можаце апісаць маштаб іх злачынстваў?

— Гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару над выхаванцамі сямейнага цэнтру № 8 (гэта былы дзіцячы дом № 10). Адзін з арыштаваных з падазраваных прызнаўся, што яго прымушала адміністрацыя дзіцячага дому гвалтаваць дзяцей.

— Наколькі мне вядома, менавіта праз супрацоўнікаў сацыяльных службаў вы патрапілі ў порнаіндустрыю. Гэта праўда?

— На той час мне яшчэ 16-ці — ня тое, што 16-ці, нават 14 гадоў ня споўнілася. Гэта быў 2005 год. Мне было 13 гадоў. Першапачаткова гэта былі звычайныя фотасэсіі, з парасонамі, на нейкім шарыку, у ніжняй бялізьне. Потым былі распрананьні, здымкі сола.

А празь некалькі дзён, я прыяжджаю да яго на студыю, і там хлопец, «вось у вас будзе разам фотасэсія». Потым мы ў працэсе фотасэсіі распранаемся, і атрымліваецца, што гэта наогул порнаролік здымаецца.

— Што яны вам плацілі, і як доўга вы супрацоўнічалі?

— Супрацоўнічаў я доўга яшчэ, і пасьля выпуску зь дзіцячага дому. Плацілі тады 500 рублёў за гадзіну за здымку, але і здымалі гадзіну, ня больш. За «парнік» — 1000 рублёў. Гэта былі дастаткова вялікія грошы, таму што ў дзіцячым доме была такая сыстэма — раз на месяц выхаванцы атрымліваюць «дзіцячыя грошы», на той год гэта было 40 рублёў. Як я памятаю, на гэтыя грошы можна было купіць цыгарэты паштучна у шапіках, ліманады, чыпсы, яшчэ нешта. А тут такая розьніца — 40 рублёў і тысяча.

— Усё, што вы распавялі, гэта адбывалася толькі з вамі, ці гэта рэгулярныя зьявы, і пацярпелі і іншыя выхаванцы гэтага дзіцячага дому?

— І іншыя падлеткі таксама. Паказаньні супраць гэтых нягоднікаў ужо далі восем чалавек. Ахвяр будзе яшчэ больш.

— За сваё жыцьцё вы не баіцеся? Вы дапускаеце, што вам могуць адпомсьціць?

— Мусіў наступіць час расплаты. Калі ўсе гэтыя нягоднікі апынуцца там. Так, небясьпека для майго жыцьця ёсьць, таму што паступаюць званкі, паступаюць нейкія пагрозы.

— Сёньня дзеці ў дзіцячых дамах Пецярбургу ў бясьпецы?

— Не, не ў бясьпецы. На дзяцей робіцца маральны, псыхалягічны ціск з боку выпускнікоў, з боку старшакурсьнікаў, з боку выхавальнікаў. Іх б’юць, ім пагражаюць псыхушкай. Гэтую ўстанову павінны расфармаваць, усіх дзяцей адправіць па розных рэабілітацыйных цэнтрах, санаторыях. За кожным дзіцем павінны паставіць нейкага куратара, псыхоляга, каб дзеці былі ў бясьпецы. Каб дзеці не баяліся расказаць той праўды, якую яны ведаюць.

XS
SM
MD
LG