Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У спрэчцы Ханка і Паплаўскай Міністэрства культуры пакуль на баку кампазытара


Кампазытар Эдуард Ханок

Міністэрства культуры Беларусі возьме на кантроль сытуацыю, якая ўзьнікла ў сувязі з патрабаваньнем кампазытара Эдуарда Ханка забараніць выкананьне шэрагу ягоных кампазыцый Ядзьвізе Паплаўскай — колішняй салістцы ансамблю «Верасы», удаве нядаўна памерлага ўдзельніка гэтага ж калектыву Аляксандра Ціхановіча.

Днямі Эдуард Ханок прыгразіў судом Ядзьвізе Паплаўскай і кіраўніку ВІА «Сябры» Анатолю Ярмоленку, калі тыя ў абыход патрабаваньняў заканадаўства аб аўтарскім праве будуць выконваць асобныя песьні ягонага аўтарства.

У эфіры тэлеканалу АНТ першая намесьніца міністра культуры Ірына Дрыга ўдакладніла, што сутнасьць прэтэнзій з боку Ханка вывучаецца, ведамства шукае спосабы, каб прапанаваць шляхі ўрэгуляваньня канфліктнай сытуацыі. Паводле чыноўніцы, да таго часу, пакуль пытаньне ня вырашанае, пры фармаваньні канцэртных праграмаў будуць улічвацца патрабаваньні заяўніка.

Тэкст Ханковага ліста з папярэджаньнем выклала на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» Настасься Ціхановіч, дачка Ядзьвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча.

Зь яго вынікае, што кампазытар забараняе публічна выконваць ягоную музыку зь песень «Завіруха», «Шчасьлівы выпадак», «Я ў бабулі жыву», «Малінаўка». Таксама там указана, што рыхтуецца пазоў «аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі», мэтай якога — «стварыць прэцэдэнт для аздараўленьня дачыненьняў паміж аўтарамі і выканаўцамі».

Як піша Настасься, самым прыкрым было тое, што свае прэтэнзіі Ханок агучыў у размове з маці акурат на 40 дзён па Аляксандру Ціхановічу. Яна сьцьвярджае, што ён прапаноўваў выкупіць правы на пералічаныя творы за 25 тысяч даляраў, у іншым выпадку пагражаў судом.

Ханку спрабавалі патлумачыць, што ўсе назапашаныя грошы пайшлі на лячэньне Аляксандра Ціхановіча, які цяжка хварэў апошнія 7 гадоў. Пасьля гэтага кампазытар нібыта пагадзіўся «зьняць пытаньне», аднак 25 красавіка, у дзень нараджэньня Паплаўскай, даслаў ёй ліст-папярэджаньне.

Сьпіс прэтэнзій Эдуарда Ханка да Анатоля Ярмоленкі і «Сяброў» пакуль не абнародаваны.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG