Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: У Іраку ўратавалі 36 языдаў пасьля трох гадоў нявольніцтва


Ірацкая языдка сьвяткуе Новы год у храме каля гораду Духока

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый паведаміла, што ў Іраку была выратаваная група з 36 языдаў, якую тры гады трымала ў няволі групоўка «Ісламская дзяржава».

Каардынатарка ААН па гуманітарных пытаньнях у Іраку Ліза Грандэ паведаміла, што з 28 красавіка, калі людзі былі выратаваныя, жанчыны і дзяўчаты з гэтай групы атрымалі жыльлё, адзеньне, мэдычную і псыхалягічную дапамогу ў курдзкім горадзе Духока на поўнач ад Мосулу.

У 2014 годзе тысячы жанчын і дзяўчат з абшчыны языдаў былі выкрадзеныя, падвергнутыя катаваньням і сэксуальнаму гвалту з боку ісламістаў пасьля таго, як баевікі атачылі языдаў вакол горада Синджар на паўночным захадзе Іраку.

Некаторыя зь языдаў здолелі ўцячы, але 3500 чалавек застаюцца ў няволі. Вера языдаў уключае элемэнты хрысьціянства, зараастрызму і ісламу. Групоўка «Ісламская дзяржава» лічыць іх «прыхільнікамі д’ябла».

Большасьць языаў, якіх налічваецца каля паўмільёна, застаюцца ў лягерах у аўтаномным раёне Курдыстану на поўначы Іраку.

XS
SM
MD
LG