Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Блышыны рынак» упершыню праходзіць у цэнтры Горадні ФОТА


29-30 красавіка ў Горадні на Савецкай плошчы праходзіць кірмаш старых рэчаў. Яго арганізаваў народны клюб калекцыянэраў «Скарабей».

Наагул ініцыятыва сыходзіла ад уладаў, кажа адзін з арганізатараў Віктар Какарэка. У Эўропе існуе паняцьце блышыны рынак, зазначае Віктар, там прадаюцца прадметы старога быту, але яны адкрытыя пастаянна, а мы робім двухдзённы кірмаш.

«Тут калекцыйныя рэчы ў асноўным. Адначасова, каб прыцягнуць увагу жыхароў, прадстаўленыя рэчы, што выйшлі з ужытку. Неабавязкова купляць, можна проста паглядзець. У музэі нічога нельга чапаць, а тут — калі ласка. Спадабалася? Можаш купіць. Напрыклад, для лецішча. Альбо можна на нешта памяняць сваё».

Сталы спадар, што падняўся па прыступках, каб паглядзець нумізматычныя шэрагі, прызнаўся, што ўбачыў на плошчы машыны рэтра і зацікавіўся. Можа быць нават трэба было ўзяць свае рэчы з калекцыі і абмяняцца, выказвае ён думку. Што ён зьбірае сам? Манэты, старыя, царскія. І даваенныя літоўскія, польскія, латыскія. Тут ёсьць значкі, якія ёсьць і ў яго, савецкія:

«Парашутны, я маю сваё пасьведчаньне на такі, юбілейны — „Прыбалтыйскай памежная акруга“. Першы раз у нас такая выстава, але ў горадзе мноства калекцыянэраў, і яна можа стаць папулярнай, калі будзе праводзіцца яшчэ».

На нашы пытаньні адказала студэнтка, якая вучыцца на дызайнэра:

«Тут вельмі шмат манэт. Гэта не для мяне, мяне цікавіць антыкварыят. І некаторыя рэчы савецкія, у якіх цікавы дызайн. Напрыклад, нядаўна знайшлі з братам абцугі для грэцкіх арэхаў, яны цікава выглядалі. Антыкварыятам звычайна ў Эўропе закупляюся. Для дому. Калі бываю недзе ў Польшчы, Літве, зазіраю на блышыныя рынкі. Прывязу то рамачку, то попельніцу, падсьвечнік. Мяне яшчэ цікавяць рэчы для пісьма, каліграфіі, мэталёвыя пёры. Цяпер мала хто вырабляе. Каб былі такія якасныя, што добра гнуцца, я разьбіраюся ў гэтым».

Унутры будынка таксама было многа калекцыянэраў. Апроч манэт, абразоў, кніг, было нямала і проста рэчаў, што выйшлі з ужытку. Сярод наведнікаў мастак Алесь Сураў, які любіць старыя рэчы, выкарыстоўвае іх у сваіх творах. Я былы музэйшчык і гэтага не пазбыцца, кажа мастак.

«Мажлівасьць зазірнуць на падобную выставу ніколі не прапускаю. Час ад часу штосьці купляю. Старых рэчаў у мяне шмат. Калекцыя керамікі, бутэлек ХІХ стагодзьдзя, аптэчнага посуду. Я нават бачу, што сам змог бы стаць удзельнікам гэтага кірмашу».

Віктар Какарэка зазначае, што кірмаш плянаваўся на вуліцы. Але раніцай падаў дождж і таму некаторыя калекцыянэры сталі адразу разьмяшчацца пад дахам, у былым палацы культуры. Іншыя занялі шырокі ганак на вуліцы. Заўтра другі дзень кірмашу, Віктар Какарэка кажа, што гараджанам і турыстам павінна быць цікава. Удзельнікаў каля ста чалавек. Апроч гарадзенскіх, ёсьць калекцыянэры зь Віцебску, Баранавіч, Берасьця, Наваградку, Ліды, прыехалі менчукі.

Месца, дзе разьмясьціўся часовы «блышыны рынак», вельмі турыстычнае, у самым цэнтры. Пераважна чутна літоўская мова, але ня толькі. Таксама польская, а нехта з наведнікаў размаўляў па-італьянску.

Віктар Какарэка зазначае, што калі турысту штосьці спадабаецца, але будзе сумнеў — ці прапусьцяць купленую рэч цераз мяжу? — па просьбе клюба ў гісторыка-археалягічным музэі дзяжурыць мастацтвазнаўца, які будзе выпісваць дазвол на права правозу набытых мастацкіх рэчаў цераз мяжу.

Спадар пажылога веку прынёс старыя газэты і дазволіў сфатаграфаваць. Гэта былі «пахавальныя» нумары. Хаваюць Сталіна, хаваюць Брэжнева, хаваюць Андропава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG