Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уступленьне ў сілу новага Мытнага кодэксу ЭАЭС перанесьлі на паўгода


Эўразійская эканамічная камісія (ЭЭК) паведаміла аб пераносе на 1 студзеня 2018 году ўступленьне ў сілу новага Мытнага кодэксу Эўразійскага эканамічнага саюза (ЭАЭС). Такое рашэньне было прынятае на Радзе ЭЭК.

Як паведамляе tut.by, раней меркавалася, што Мытны кодэкс ЭАЭС уступіць у сілу з 1 ліпеня 2017 году. «Адначасова з кодэксам пачнуць дзейнічаць першачарговыя рашэньні камісіі па 25 пытаньнях, аднесеных на наднацыянальны ўзровень. Яны тычацца рэгуляваньня дзейнасьці ўпаўнаважаных эканамічных апэратараў, правілаў перамяшчэньня тавараў фізычнымі асобамі», — паведамляе ЭЭК.

У канцы мінулага году Аляксандр Лукашэнка адмовіўся падпісваць Мытны кодэкс ЭАЭС, і гэта стала адным з асноўных праблемных пунктаў ва ўзаемаадносінах з Расеяй.

Лукашэнка тады рэзка выказаўся: «шмат чаго, што павінна было быць, не працуе». «Больш за тое, я даручыў адклікаць асноўных нашых спэцыялістаў з мытных органаў. Без вырашэньня праблем я нават не дакрануся да гэтага кодэксу і іншых пытаньняў», — падкрэсьліў тады кіраўнік Беларусі.

Але пазьней, у красавіку, Лукашэнка ўсё ж падпісаў новы Мытны кодэкс ЭАЭС. Гэтаму спрыяла дасягненьне дамоўленасьцей паміж Менскам і Масквой у справе паставак газу і нафты.

Мытны кодэкс Эўразійскага эканамічнага саюзу прыходзіць на зьмену Мытнаму кодэксу Мытнага зьвязу, які быў прыняты ў 2009 годзе. Дакумэнт, праца над якім вялася цягам трох гадоў, прадугледжвае перанос шэрагу паўнамоцтваў на ўзровень ЭЭК, а таксама спрашчэньне мытных працэдур для бізнэсу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG