Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы сам-насам з жыцьцём: «100 словаў» ад Радыё Свабода ў Горадні


Ян Максімюк, укладальнік кнігі «100 словаў», сустрэўся з чытачамі і аўтарамі ў Горадні. Прэзэнтацыя адбылася ў Цэнтры гарадзкога жыцьця. Ян Максімюк прыдумаў праект «100 словаў» і cтала вядзе гэтую рубрыку на сайце Радыё Свабода.

Абмежаваньня ў тэмах ад пачатку не было, прымаліся розныя тэксты. Хаця многім здавалася, што нельга пісаць аб усім, распачаў размову Ян Максімюк:

«Я ў Празе сустракаўся са Сьвятланай Алексіевіч, нобэлеўскай ляўрэаткай. І я ёй кажу, што мы маем такі праект і будзем рыхтаваць кнігу. А што за праект? Людзі пішуць пра ўсё, кажу. А яна кажа: а мне гэта не падабаецца. У яе кнігі сьцісла тэматычныя».

Яму было няпроста абгрунтаваць, што з гэтага, аднак, можа быць нешта талковае, лягічнае. Такія рэчы фармулююцца паступова. Максімюк працягвае:

«Зараз я знайшоў адпаведныя словы, аргумэнты, каб растлумачыць, што гэта і ёсьць, скажам, такі духоўны партрэт нашых сучасьнікаў беларусаў, якія паказваюць сябе ў прыватным жыцьці. Гэтая кніга пра жыцьцё, перш за ўсё, як пра прыватную справу. Мы ня кажам, як трэба жыць у грамадзтве, мы паказваем, як мы насамрэч жывём у сям’і, як мы сам-насам з жыцьцём».

Ён сам чалавек з правінцыі, прызнаецца журналіст, ён мяркуе — большай правінцыі як яго роднае Падляшша няма, і таму яму вельмі хацелася, каб адгукнуліся ня толькі жыхары сталіцы. І ён быў вельмі ўсьцешаны, калі такія аўтары зьявіліся. Зь Віцебска, з Магілёва, з Горадні, з Рагачова, зь іншых месцаў. На прэзэнтацыю ў Менску чатыры ці пяць аўтараў прыехалі ў такое «сабачае» надвор’е з правінцыі, чым складальнік кнігі быў вельмі ўзрушаны. Наслухаўся крышку камплімэнтаў, хопіць здаецца да канца жыцьця, з усьмешкай прызнаецца Ян Максімюк.

Хто піша «100 словаў» у Горадні

У кнізе «100 словаў» ёсьць тэксты гарадзенскіх аўтараў. Адзін зь іх паэт Анатоль Брусевіч, які прызнаўся на сустрэчы ў сваім «літаратурным сэпаратызьме». Ён сказаў:

Анатоль Брусевіч
Анатоль Брусевіч

«Я ўсяго толькі трыста словаў напісаў, дзьвесьце ўвайшло ў кніжку. Паспрабаваў сябе ў якасьці празаіка. Гэта першае, што празаічнага было апублікавана, у пэўным сэнсе дэбют. У кнізе ёсьць гарадзенцы. Мяне заўсёды гэта цешыла, унутры мяне жыве гарадзенскі сэпаратыст літаратурны. Я люблю больш сваё, нават калі яно можа не зусім дапрацаванае. І менш люблю негарадзенскае, вось за Скідзелем пачынаецца ўжо не сваё».

На тры публікацыі Брусевіча на сайце былі водгукі, даволі бурныя, мяркуе ён. Ян Максімюк падкрэсьлівае:

«Гэта добра, калі людзі гавораць, што не пагаджаюцца, значыць іх закранула». І працягвае: «Добра, што вы ўзгадалі правінцыйнае аблічча літаратуры. Быў у нас такі часопіс „Правінцыя“. (Брусевіч у ім таксама ўдзельнічаў). Мне падабалася рабіць яго, але мне тады падалося, што гарадзенскія аўтары хочуць пісаць так, як менскія. Хаця гэта было амаль дваццаць год назад».

Альжбета Кеда далучылася да рубрыкі дзякуючы Валянціне Аксак. Праект быў для яе выратаваньнем, таму што калі сыходзіш з працы, патрэбна нешта такое, літаратурнае, прызналася яна. І тут Валянціна Аксак намовіла, запрасіла ўдзельнічаць, што было вельмі дарэчы. Стаслоўя гарадзенскай аўтарцы «мілей называць абразкі». Ёй заўсёды быў даспадобы жанр мініятуры. Выдатныя былі абразкі ў нашаніўскі час, досыць узгадаць Гарэцкага, кажа Альбета Кеда. Цэлая кніга абразкоў была ў Зьмітрака Бядулі. Трэба яшчэ прыгадаць Якуба Коласа, Вацлава Ластоўскага. У 90-я гады яна сама пачала пісаць зацемкі пад уплывам Леаніда Галубовіча, які надрукаваў «Зацемкі зь левай кішэні».

Журналіст Андрэй Мялешка прачытаў уласнае стаслоўе пра сваё пакаленьне, маладых людзей, якія ў 1990-х гадах мелі надзеі, што можна зьмяніць жыцьцё. Надзеі, можна сказаць, ня спраўдзіліся. Будучы аднойчы ў Празе, ён сустрэў мноства знаёмых, якія там цяпер настала. У Варшаве таксама жывуць нямала гарадзенцаў. Ён ведае таксама тых, хто некалі кіраваў «Маладым фронтам», а потым апынуліся ў БРСМ.

«А такія, як былы аднакурсьнік Павал Мажэйка, яны засталіся ў сваім змаганьні. І я таксама адзін з тых, хто застаўся ў сваім змаганьні», — кажа Андрэй. У яго існуе цяпер патрэба часам пераключыцца са штодзённай працы на «сто словаў», якія інакш няма дзе выказаць.

Дарэчы, некалькі стаслоўяў Мялешкі надрукаваныя ў апошнім нумары гарадзенскага літаратурнага альманаха «Новы Замак». Ён кажа, што сярод іх ёсьць тыя, што былі на сайце Радыё Свабода, іншыя не публікаваліся.

Магія лічбаў Яна Максімюка

Ян Максімюк распавядае, як дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук аднойчы запытаўся ў яго, а колькі ў цябе аўтараў? Я хутка палічыў — сто. Сто? Ты так хацеў? Не, яно само так выйшла. Ён кажа: добра, калі такія рэчы выпадкова выходзяць, то кніга будзе добрая. А потым пытаецца: а колькі тэкстаў у цябе? Я кажу: трыста зь лішкам. Вырашылі: няхай будзе трыста:

«І выйшла кніжка з пэўнай магіяй лічбаў. Калі памножыць, атрымліваецца трыццаць тысяч словаў. І гэтая лічба таксама важная ў маім жыцьці. Гадоў дваццаць пяць таму на Беласточчыне адзін польскі рэжысэр зрабіў дакумэнтальны фільм пра беларусаў. Я трапіў у фільм як перакладчык „Уліса“ Джойса на беларускую мову. І я яму тлумачыў, што ў кнізе ўжыта трыццаць тысяч розных ангельскіх словаў і мне трэба знайсьці столькі ж адпаведных словаў у беларускай літаратурнай мове. Яму гэта так спадабалася, што ён свой фільм назваў „Трыццаць тысяч словаў“. І тут выходзіць кніжка, да якой я маю дачыненьне, у якой усіх словаў менавіта трыццаць тысяч. І затым піша рэцэнзію Юлія Цімафеева зь Менску і называе яе „Трыццаць тысяч чалавечых словаў“. Так што для мяне ў ёй сышлася такая магія лічбаў».

Укладальнік «100 словаў» кажа: апроч журналісцкіх тэкстаў, яму хочацца пісаць нешта такое, чаго на іншых сайтах можа ня быць, калі яны ня маюць такіх праектаў літаратурнага кшталту як Радыё Свабода. У кнізе ёсьць, між іншым, і замежныя аўтары. Напрыклад, Сьвятлана Вранава, чэшка, якая вывучыла беларускую мову. Рашэд Чоўдхуры, які жыве ў Манрэалі, «які напэўна быў у Менску і вывучаў беларускую мову». Ёсьць эмігрант Марат Баскін, рускамоўны аўтар, але ўбачыў рубрыку «Сто словаў» і стаў пісаць замалёўкі з дзяцінства, што яму запомнілася зь беларускага жыцьця, распавядае Ян Максімюк.

Удзельнікі сустрэчы прагледзелі буктрэйлер «100 словаў», падрыхтаваны калегамі Яна Максімюка. Ён патлумачыў, што такая рэкляма сёньня патрэбная. І падзяліўся сваімі развагамі:

«Таму што ў якім часе мы апынуліся? Сапраўды, людзі сёньня кніжак мала чытаюць. Глядзяць у прылады свае, смартфоны, айфоны. І я кажу — чаму мы прыдумалі такое жорсткае абмежаваньне да ста словаў? Мы жывём у такую дзіўную эпоху, хутчэй за ўсё, карцінак, а ня тэкстаў (усе стаслоўі былі праілюстраваныя на сайце і ў кнізе). І трэба з гэтым штосьці рабіць. Я ня веру ў тое, што літаратура прападзе і людзі перастануць чытаць, але пакуль што мы ў такой сытуацыі, што трэба выкарыстоўваць новыя магчымасьці — сьвет пайшоў наперад, зьявіліся новыя „цацкі“, прылады. Людзі глядзяць карцінкі». І з гэтым нічога ня зробіш, кажа Ян Максімюк. Але выява ў гэтым разе падмацоўвае тэкст. Такой атрымалася чарговая кніга з «Бібліятэкі Свабоды ХХІ стагодзьдзя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG