Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ распачаў 10 спраў за хабар, затрыманы некалькі кіраўнікоў Транспартнай інспэкцыі


КДБ паведаміў пра спыненьне чарговай карупцыйнай схемы. Яна была арганізавана службовымі асобамі Транспартнай інспэкцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.


У дачыненьні да іх распачата 10 крымінальных спраў па артыкулах «Атрыманьне хабару», «Дача хабару», «Махлярства», шэраг фігурантаў справы ўзяты пад варту ў СІЗА КДБ.

У карупцыйную схему быў уцягнуты кіроўны склад цэнтральных і рэгіянальных падразьдзяленьняў, а таксама прадстаўнікі беларускіх транспартных кампаній.

«Устаноўлена, што з 2015 года начальнік Інспэкцыі Леанід Лемеш і яго намесьнік Аляксей Куцаеў пры садзейнічаньні падначаленых супрацоўнікаў паставілі на „паток“ сыстэму „гандлю“ дазволамі на праезд велікагрузных транспартных сродкаў па тэрыторыі замежных дзяржаў. Кошт складаў ад 50 да 120 эўра за кожны дазвол у залежнасьці ад яго катэгорыі», паведамляе прэс-служба КДБ.

Толькі са сьнежня 2016 года па красавік 2017 года зафіксавана 10 фактаў атрыманьня Куцаевым хабараў ад больш чым 20 суб’ектаў гаспадараньня.

13 красавіка 2017 года пры атрыманьні чарговага ўзнагароджаньня ў памеры 500 эўра і 110 даляраў ЗША ад прадстаўнікоў айчыннай транспартнай кампаніі праз начальніка Гарадзенскага філіяла Сяргея Грудзінскага Куцаеў быў затрыманы з доказамі злачынства. Пасьля былі затрыманыя і астатнія ўдзельнікі карупцыйнай схемы.

У якасьці сталых пасярэднікаў, якія прадстаўлялі Лемешу і Куцаеву «кліентаў», устаноўлены начальнік Гомельскага філіяла Інспэкцыі Сяргей Чучвага, начальнік Гарадзенскага філіяла Інспэкцыі Грудзінскі і яго намесьнік Замара, блізкі знаёмы Куцаева Кіракоў.

Паводле КДБ, выяўлена наладжаная ў Гомельскай вобласьці сыстэма вымагальніцтва ў замежных кіроўцаў хабараў «за бесперашкодны праезд». Інспэктары атрымлівалі грошы падчас транспартнага кантролю ў раёне Селішча Добрушскага раёна. Пасьля гэтага грошы па пэўнай схеме разьмяркоўвалі іпа ўсёй вэртыкалі абласной Інспэкцыі — ад рэгіянальных спэцыялістаў да начальніка Гомельскага філіяла Чучвагі.
Акрамя начальніка Гомельскага філіяла Інспэкцыі затрыманыя яшчэ чатыры спэцыялісты, адносна якіх распачаты 2 крымінальныя справы па артыкуле за «атрыманьне хабару».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG