Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусі зноў далі грошы?


Пра што сьведчыць выдзяленьне Эўразійскім фондам стабілізацыі і разьвіцьця чарговага траншу крэдыту Беларусі.

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.


Карбалевіч: 26 красавіка Беларусь атрымала трэці транш фінансавага крэдыту Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця (ЭФСР) у памеры 300 млн даляраў.

Нагадаю, ЭФСР прыняў рашэньне аб выдзяленьні Беларусі крэдыту ў 2 млрд даляраў вясной 2016 году. Тады была падпісаная адпаведная крэдытная праграма зь беларускімі ўладамі.

Крэдыт даецца сямю траншамі. Першы транш крэдыту Беларусь атрымала ў сакавіку 2016 году (500 млн даляраў), наступныя 300 млн даляраў – у ліпені.

Трэці транш павінен быў паступіць увосень леташняга году. Аднак не паступіў. Фармальная прычына была названая такая: маўляў, Беларусь ня выканала ўмовы крэдытнай праграмы. Але яна і дасюль іх ня выканала, аднак крэдыт паступіў.

Затрымка з выдзяленьнем трэцяга траншу эўразійскага крэдыту была зьвязаная з нафтагазавай спрэчкай паміж Масквой і Менскам. Цяпер канфлікт урэгуляваны, і крэдыт паступіў.

Відавочна, што затрымка з выдзяленьнем трэцяга траншу эўразійскага крэдыту была зьвязаная з нафтагазавай спрэчкай паміж Масквой і Менскам. Цяпер канфлікт урэгуляваны, і крэдыт паступіў.

Цікава, што ўмовы, якія вылучае ЭФСР, падобныя да тых, якія выстаўляе МВФ. Абодва фонды патрабуюць, каб беларускія ўлады штосьці рабілі зь неэфэктыўным дзяржаўным сэктарам. Ці рэфармавалі яго, ці памянялі мэханізм кіраваньня ім.

Другое патрабаваньне – умацаваць мэханізм сацыяльнай абароны насельніцтва. Напрыклад, павялічыць дапамогу па беспрацоўі. І гэта цікава, беларускія ўлады звычайна пра гэта ня кажуць. Наадварот, яны цьвердзяць пра бесчалавечнасьць умоваў фондаў, асабліва МВФ – маўляў, яны патрабуюць павысіць камунальныя тарыфы, а ў нас жа сацыяльная дзяржава.

Розьніца ў тым, што МВФ жорстка патрабуе выкананьня ўмоваў. А ЭФСР, дакладней – кіраўніцтва Расеі, якое фактычна кантралюе фонд, выдзяляе крэдыты з палітычных матываў. А ўмовы выстаўляюцца больш фармальна.

З прэсавага рэлізу ЭФСР вынікае, што ён прапануе скарэктаваць крэдытную праграму, выстаўляе дадатковыя ўмовы. Але, як звычайна адбываецца ў Расеі, строгасьць патрабаваньняў нэўтралізуецца неабавязковасьцю іх выкананьня.

Цыганкоў: У беларуска-расейскіх адносінах не бывае эканамічных дачыненьняў. Любыя рэчы, зьвязаныя ня толькі з эканомікай, але і зь фінансамі, набываюць палітычнае значэньне. Наўрад ці было б супадзеньнем, што рашэньне выдзеліць чарговы транш ЭФСР было зацьверджана менавіта па заканчэньні беларуска-расейскай газавай спрэчкі.

Наколькі цяпер гарманічнымі будуць адносіны ў фінансах паміж Беларусьсю і Расеяй – альбо тымі структурамі, якія фактычна кантралююцца Расеяй, як гэты самы ЭФСР?

Калі надыйдзе чарга наступнага траншу, то могуць паўстаць больш сур’ёзныя пытаньні па ўмовах, якіх не выконвае Беларусь.

У Расеі набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары, якія пройдуць на пачатку 2018 году, і афіцыйная Масква, напэўна, якраз вырашыла, што, канечне, лепш сустрэць гэтыя выбары на даволі спакойным фоне адносінаў зь Беларусьсю.

Наколькі яна трымала на кручку Менск у сваім газавым канфлікце – існуюць розныя меркаваньні, але відавочна, што ўпартасьць Масквы была досыць паказальная. Тым ня менш фактычна за год да выбараў гэтыя спрэчкі скончаныя.

Магчыма, будуць узьнікаць яшчэ лякальныя спрэчкі, напрыклад, у харчовай сфэры і г.д. Але можна сказаць, што бакі не для таго дамаўляліся, каб раптам за некалькі месяцаў да прэзыдэнцкіх выбараў зноў пачынаць нейкую газавую вайну.

Кропка пастаўленая, і, адпаведна, тыя фінансавыя дамоўленасьці будуць выконвацца досыць стабільна.

Зь іншага боку, цяпер, калі гэты крэдыт выдзелены, якраз-такі наступныя траншы будуць усё больш жорстка абумоўлівацца менавіта тымі патрабаваньнямі, якія будуць выстаўляцца для атрыманьня крэдыту.

Кожны раз тыя, хто выдае гэты крэдыт, фіксуюць, што Беларусь у той ці іншай сфэры не выконвае пэўных патрабаваньняў. Мне здаецца, цяпер з гэтым будзе больш строга.

Калі ўжо надыйдзе чарга наступнага траншу, то могуць паўстаць больш сур’ёзныя пытаньні па ўмовах, якіх не выконвае Беларусь.

Глод: Арганізацыя, якая выдзеліла транш Беларусі, афіцыйна называецца «Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця». Але гэтае рашэньне найперш паказала, што фонд хоць і называецца Эўразійскім, але насамрэч усё вырашае адна краіна. Яна мае найбольшы статутны ўнёсак і карыстаецца гэтым.

Хацела Расея – і транш валакіцілі значны час. Але пасьля сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Санкт-Пецярбургу было вырашана зьмяніць падыходы. І калі ласка, атрымлівайце грошы.

Праўда, фонд заявіў пра пэўныя ўмовы, якія беларускае кіраўніцтва мусіць выканаць, калі захоча мець новыя траншы.

Раней паведамлялася, што трэці транш затрымліваюць, бо Беларусь ня выканала тры з двух дзясяткаў умоваў Фонду.

Не прыняты ўказ, згодна зь якім дапамога па беспрацоўі для работнікаў, звольненых у працэсе рэарганізацыі прадпрыемстваў, павінна быць павялічана да ўзроўню мінімальнага спажывецкага бюджэту.

Умовы МВФ, у адрозьненьне ад умоваў Эўразійскага фонду, трэба выконваць абавязкова.

Не прыняты ўказ, які вызначае мэханізм перадачы ў траставае кіраваньне ўстойліва неплатаздольных прадпрыемстваў.

Не прынятая Стратэгія павышэньня эфэктыўнасьці кіраваньня дзяржаўнымі арганізацыямі.

Усе тры дакумэнты маюць непасрэднае дачыненьне да прыватызацыі – яны закладаюць яе асновы. Іх адсутнасьць і ёсьць галоўная прычына разыходжаньняў.

То бок раней сытуацыя выглядала так – Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця гатовы даваць грошы Беларусі толькі тады, калі ў краіне пачнецца рэальная прыватызацыя.

Гэтая ж праблема, падобна, стала сур’ёзнай і ў выпадку з крэдытам МВФ, пра што ўжо казаў Валер Карбалевіч.

Вашынгтон – не Масква. Умовы МВФ, у адрозьненьне ад умоваў Эўразійскага фонду, трэба выконваць абавязкова.

Вось чаму ў мяне такі пэсымістычны погляд на тое, што Беларусь хутка атрымае крэдыт МВФ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG