Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальніка міліцыі са Століна звольняць за тое, што пʼяны кіраваў аўтамабілем


Начальнік Столінскага РАУС Вячаслаў Філіпчык будзе звольнены з органаў унутраных спраў. Гэта паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі.

Падпалкоўнік міліцыі быў затрыманы ў стане алькагольнага апʼяненьня 22 сакавіка каля Пінску. Аўто міліцэйскага начальнікі спынілі супрацоўнікі спэцыяльнага ўзводу «Буг». Філіпчык у той момант быў у адпачынку. Ён панёс адміністрацыйнае пакараньне.

Сьвятлана Палхоўская, жыхарка пасёлку Рэчыца побач са Столінам, кажа, што ня раз даводзілася сутыкацца з падпалкоўнікам Філіпчыкам. І ўражаньні засталіся ня самыя лепшыя:

«Вячаслаў Філіпчык рэдка глядзеў падчас размовы ў вочы. Гэта сьведчыць пра тое, што чалавек не да канца шчыры, разумее, што паступае не паводле закону. Часта сыходзіў ад адказу на вострыя пытаньні, казаў, што будзе разглядаць сытуацыю і адкажа тады, калі будзе ў гэтым неабходнасьць... Мне падаецца, гэта не апошняе звальненьне. За нашым РАУС досыць пільна пачалі сачыць. На столінскіх міліцыянтаў паступае шмат скаргаў, у раёне вялікая колькасьць нераскрытых злачынстваў. Магчыма, вырашана навесьці парадак. Я неяк зазірнула ў кнігу скаргаў і прапановаў у РАУС і была ўражана колькасьцю нэгатыўных водгукаў на дзеяньні і працу міліцыянтаў, у тым ліку і кіраўніка. Ня ведаю, якім Філіпчык быў у калектыве, але шмат жыхароў раёну скардзіліся на яго хамскія паводзіны, фанабэрыстае стаўленьне да людзей. Наагул ад нашага РАУС у мяне толькі нэгатыўныя ўражаньні».

Летась сына Сьвятланы Палхоўскай зьбіў міліцыянт мясцовага РАУС. Пры гэтым на лаве падсудных спачатку апынуўся ня старшы інспэктар, а яна сама:

«Калі цягнулася справа са зьбіцьцём міліцыянтам майго сына, то Вячаслаў Філіпчык пакрываў свайго калегу інспэктара Вадзіма Прылуцкага. Рабіўся сам ня свой, калі прыходзіла да яго. А яшчэ цікавая заўвага: калі было відавочна, што міліцыянту-парушальніку ня ўдасца пазьбегнуць адказнасьці, ён зьмяніў стаўленьне да мяне. Прасіў, каб я даравала, забрала заяву і скаргу. Пераконваў, што іх інспэктар добры чалавек. І, ведаеце, не магу да гэтага часу зразумець: чаму ў афіцэраў, высокіх чыноўнікаў няма сумленьня. Яны ж цудоўна ведалі пра парушэньні свайго калегі, але пакрывалі яго, адмаўлялі віну. І вось калі сытуацыя зьмянілася, пачалі прасіць. Ну як ім ня сорамна? Бо прасіліся не для таго, каб справядлівасьць была наведзеная, а таму, што ўзьнікла пагроза сваім пасадам. Гэта сьведчыць, што проста няма сумленьня ў людзей. Я не скажу, што задаволеная, што зьнялі з пасады гэтага міліцыянта, проста жыцьцё само расстаўляе кропкі над „і“. Вось цяпер і пабачым, як падпалкоўнік знойдзе сабе працу, наколькі проста будзе яму ўладкавацца».

Як заявілі ў МУС, праца па выяўленьні парушальнікаў закону сярод супрацоўнікаў органаў унутраных спраў праводзіцца пастаянна і знаходзіцца на асабістым кантролі ў кіраўніка ведамства Ігара Шуневіча.

XS
SM
MD
LG