Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікет ля Менскага райвыканкаму забаранілі празь «мерапрыемства» (яго няма), а потым праз «рамонт» (і яго няма)


Прадпрымальнік Ільля Дабратвор падаваў заяўку на пікет з удзелам 10 чалавек у менскім Альшэўскім сквэры ад 12 да 13 гадзін дня 28 красавіка «з мэтай прыцягненьня ўвагі грамадзкасьці і органаў дзяржаўнай улады да праблемаў індывідуальных прадпрымальнікаў», але атрымаў адмову.

У адказе, які ён публікуе на Facebook, намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Ігар Юркевіч піша, што пікет не дазваляюць, бо «немагчыма вызначыць канкрэтнае месца правядзеньня масавага мерапрыемства» (яно відавочна пазначанае ў заяве) і бо «на тэрыторыі Альшэўскага сквэру заплянаванае правядзеньне іншага мерапрыемства» (знайсьці анонс такога мерапрыемства ў інтэрнэце не ўдалося).

Альшэўскі сквэр у Менску, 28 красавіка 2017 году
Альшэўскі сквэр у Менску, 28 красавіка 2017 году

У прэс-службе Менгарвыканкаму (Юркевіч адмаўляецца ад камэнтароў сам) Свабодзе заявілі, што Дабратвор апублікаваў фальшывы адказ: яму адмовілі не з названых прычынаў, а праз заплянаваныя рамонтныя работы ў сквэры.

Пляны рамонтных работаў не ўдалося адшукаць у інтэрнэце. На сайце раённай адміністрацыі паведамляецца толькі, што ў парку летась садзілі дрэвы і дэмантавалі паркоўку.

У час, на які Дабратвор заяўляў пікет, у парку не было ні «мерапрыемстваў», ні рамонтных работ. Толькі перад будынкам выканкаму была выстаўленая агароджа, ды ніякай актыўнасьці не назіралася.

Большая частка сквэру не агароджаная. Па ім прагульваліся два міліцыянты з мэталашукальнікамі, а таксама некалькі людзей у цывільным з bluetooth-гарнітурамі.

Дабратвор кажа Свабодзе, што будзе рады, калі дзякуючы ягонай заяўцы на пікет у Альшэўскім сквэры памяняюць плітку:

«Думаю, у будучыні чыноўнікі Менгарвыканкаму будуць больш уважліва ставіцца да адказаў, якія даюць грамадзянам. Вядома, мне шкада, што чыноўнікі хлусяць, але гэта ўсяго толькі чыноўнікі. У сьвятле апошніх чыстак у Менгарвыканкаме яны вельмі баяцца за свае месцы, таму і хлусяць.

Я пляную дзейнічаць у межах прававога поля — як бачыце, гэта таксама дае свой вынік. Галоўнае, каб прывезеная ў сьпешцы тратуарная плітка не ператварылася ў мясцовы помнік. Будзем адсочваць сытуацыю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG